Вестэрвеле: Беларусь - ганьба для Еўропы
- 11.05.2012, 14:17
Міністр замежных спраў Германіі назваў тое, што адбываецца ў Беларусі ганьбай для Еўропы.
Пра гэта Гіда Вестэрвеле сказаў у сваім выступе на парламенцкіх дэбатах у Бундэстагу, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на агенцтва DAPD.
Кіраўнік нямецкага МЗС выказаў сваю заклапочанасць у сувязі з сітуацыяй у Беларусі: «Тое, што адбываецца там, - гэта ганьба для Еўропы. Дэмакратыя і вяршэнства закона - краевугольныя камяні еўрапейскіх каштоўнасцяў. Без іх не можа быць ніякага прагрэсу на шляху да ЕЗ».
«Гэта датычыцца таксама і Украіны», - дадаў міністр.
Аглядальнікі адзначаюць, што ў апошні час Берлін ўсё часцей крытыкуе палітыку Віктара Януковіча і ставіць ягоны рэжым у адзін шэраг з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Учора такі падыход прагучаў і з вуснаў канцлера Ангелы Меркель. Выступаючы ў Бундэстагу па пытаннях бяспекі і знешняй палітыкі Германіі, яна, паводле агенцтва Reuters, упершыню назвала Украіну дыктатурай і параўнала яе з Беларуссю, адной з самых ізаляваных еўрапейскіх краін.