Камары атакуюць Мядзельшчыну (Фота)
- 14.05.2012, 16:27
Вялізныя хмары камароў гарэзнічалі ў вёсцы каля Мядзеля.
Учора ўдзень побач з вёскай Мікольцы Мядзельскага раёна Менскай вобласці мясцовы жыхар назіраў вельмі вялікія хмары камароў. Відавочцам незвычайнай з'явы стаў Дзяніс Кіслы. Хлопец не разгубіўся і зняў убачанае на фота, паведамляе TUT.by.
«Гэта яшчэ не самае страшнае, што было - фотаапарат апынуўся пад рукой толькі праз гадзіны тры, - адзначае Дзяніс. - Гэтыя здымкі толькі тое, што я паспеў захаваць. Гул ад камароў стаяў жудасны, такі, што і машын не было чуваць».
Па словах хлопца, такое нашэсце ён назіраў толькі ў вёсцы Мікольцы на беразе Нарачы. Такая актыўнасць камароў хутчэй за ўсё звязаная з надвор'ем.
«Як я зразумеў, яны пакуль бяскрыўдныя, інакш я быў бы ўвесь пакусаны», - кажа відавочца падзеі.