BE RU EN

Кіраўніка НАК Аўстрыі судзяць за фінансаванне адпачынку Лукашэнкі

  • 15.05.2012, 14:02

На судзе ў Вене былі разгледжаныя ўсе эпізоды фінансавання адпачынку Лукашэнкі ў Альпах.

3 ліпеня ў Вене павінен аднавіцца судовы працэс над генеральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта Хайнцам Юнгвіртам, перадае «Радыё Свабода».

Суд, які пачаўся на мінулым тыдні, расследуе справу аб карупцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Аўстрыі.

На першых паседжаннях суд разглядаў эпізоды, звязаныя з таемным рахункам алімпійскага камітэта. «Чорны рахунак» - і гэта даказана следствам - быў створаны ў маі 2001 года ў банку «Raiffeisen» (у тую ж банкаўскую групу, дарэчы, уваходзіць і беларускі «Прыёрбанк») па загаду тагачаснага прэзідэнта НАК і кіраўніка сеткі Casinos Austria Леа Вальнэра.

І Вальнэр, і Юнгвірт, і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва абедзвюх названых арганізацый - Герхарт Скоф, Марцін Шлаф - у 2002 годзе мелі непасрэднае дачыненне да прыёму дэлегацыі з Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам і арганізацыі іх адпачынку ў Альпах. Даказана, што гэтыя вакацыі былі аплачаныя менавіта з таго рахунку і што гэтыя выдаткі доўгі час не ўключаліся ў падатковыя справаздачы.

Публікацыі спартовага эксперта Эрвіна Рота ў аўстрыйскіх СМІ аб тым прыёме далі штуршок для раскрыцця і іншых афёр кіраўніцтва НАК і Casinos Austria.

Як паведаміў «Свабодзе» Эрвін Рот, на першых судовых паседжаннях мінулага тыдня абвінавачаны Хайнц Юнгвірт быў вымушаны даваць паказанні літаральна па кожным рахунку, які тычыўся «вакацый» Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат пытанняў было зададзена і Леа Вальнэру, які праходзіць на працэсе як сведка. Бо менавіта Вальнэр, па сцвярджэнні Юнгвірта, быў ініцыятарам стварэння такога рахунку. Ягоны подпіс стаіць на адпаведным загадзе. Вальнэру належала і сама ініцыятыва запрасіць на лыжны курорт у Аўстрыі афіцыйна невыязнога на той час беларускага кіраўніка.

Вальнэр прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі прыёму беларускіх гасцей. У праграму адпачынку ўваходзілі і спорт, і забавы, і сустрэчы з дзелавымі партнёрамі.

Аўстрыйскі бізнес у Беларусі пайшоў уверх як раз пасля 2002 года. Сярод аўстрыйскіх канцэрнаў, якія прыйшлі ў краіну, - Raiffeisenbank, Telecom Austria, страхавая кампанія Wiener Stadtische, будаўнічы канцэрн STRABAG і іншыя.

Шырока прадстаўленыя на беларускім рынку і кансалтынгавыя фірмы з Аўстрыі. Сярод кансультантаў - былы віцэ-канцлер Аўстрыі Губерт Горбах, якога зараз вінавацяць у карупцыі. Як палітык ён скампраметаваць сябе, ахарактарызаваўшы выбары-2010 у Беларусі як справядлівыя.

Рот кажа, што Вальнэр дэманстраваў на працэсе поўную недасведчанасць. Так, сцвярджаў былы кіраўнік алімпійскага камітэта і сеткі казіно, ён даваў загад адкрыць рахунак, аднак не ведаў, што грашовыя плыні праз гэты рахунак застануцца не названымі ў падатковых дэкларацыях. Так, ён запрашаў невыязнога Лукашэнку ў Аўстрыю, але не як кіраўніка дзяржавы, а прыватным чынам, як прэзідэнта НАК. Па загадзе Вальнэра арганізоўваліся розныя дзелавыя сустрэчы, але ўсё рабілася ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі.

Як сцвярджае Эрвін Рот, Леа Вальнэр «усё яшчэ сябар Міжнароднага Алімпійскага камітэта», мае дыппашпарты і карыстаецца юрыдычнай недатыкальнасцю. «Леа Вальнэр - сябар МАК і павінен выконваць яго этычны кодэкс, а рабіць такую мярзоту...», - кажа Эрвін Рот, перакананы, што Вальнэр хлусіў пад прысягай.

Апошнія навіны