Пенсіянеры патрабуюць вярнуць чыстае малако
- 16.05.2012, 11:29
У Магілёве збіраюцца пратэставаць супраць «дабавак кальцыя ў малако».
За дазволам ў гарвыканкам на правядзенне пікету пад назвай «Чыноўнікі вярніце мне чыстае малако» звярнуўся магілёўскі пенсіянер Міхаіл Шараметаў. У заяўцы ён паказаў, што ў ягонай акцыі возьмуць удзел да 20 чалавек, перадае «Радыё Свабода».
Выдаткі на правядзенне пікету - аплата паслуг міліцыі, камунальнікаў і медыкаў - заяўнік ускладае, як паказана ў заяўцы, на тых, хто дадае кальцый у малочныя прадукты.
«Дадаюць у малако кальцый, кажуць, што гэта карысна для здароўя. А кошт малака пры гэтым ўзрастае. Каму птрэбнае такое малако. Пікет хутчэй за ўсё не дазволяць, але праблема яшчэ ёсць. З нас проста здзекваюцца», - адзначае Міхаіл Шараметаў.
Свой пікет Шараметаў плануе правесці 2 чэрвеня каля магілёўскага кінатэатра «Радзіма».