Беларуская дыктатура хоча грошай ад ЕБРР
- 17.05.2012, 12:12
МЗС незадаволены «палітызацыяй» пытання аб супрацоўніцтве Беларусі з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.
Беларусь выступае супраць палітызацыі адносінаў краіны з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, перадае БелТА.
Па словах Андрэя Савіных, 18-19 мая ў Лондане будзе праходзіць 21-е паседжанне Рады кіраўнікоў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, у якой прыме ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам. Адказваючы на пытанне, ці будзе беларускі бок на гэтым мерапрыемстве ініцыяваць пытанне аб аднаўленні супрацоўніцтва з ЕБРР, Андрэй Савіных заявіў, што ў гэтым няма неабходнасці, паколькі такое супрацоўніцтва ніколі не спынялася.
У цяперашні час Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з банкам у галіне развіцця прыватнага сектара і рэалізацыі праектаў, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя і паляпшэння экалагічных стандартаў. «Мы задаволеныя ўзаемадзеяннем з банкам і плануем яго развіваць на ўзгодненых умовах», - сказаў прадстаўнік МЗС.
У той жа час ён адзначыў, што Міністэрству замежных спраў вядомыя спробы асобных грамадскіх дзеячаў «з пазаэканамічнай сферы палітызаваць міжнароднае эканамічнае ўзаемадзеянне». «Мы супраць гэтага. Такія спробы супярэчаць здароваму сэнсу. Па сутнасці, гэтыя дзеячы спрабуюць вызначыць, што важнейшае - развіццё ліберальных палітычных інстытутаў ці інфраструктуры рыначнай эканомікі? Такая пастаноўка пытання не толькі абсурдная, але і шкодная, бо супярэчыць натуральнаму паступальнаму руху ў напрамку, за які яны нібыта выступаюць», - сказаў Андрэй Савіных. Ён дадаў, што ў Беларусі не схільныя разглядаць дзеянні такіх дзеячаў як непісьменнасць, хутчэй, гэта адлюстраванне схаваных палітычных мэтаў.