BE RU EN

Анатолю Красоўскаму споўнілася б 60

  • 17.05.2012, 12:58

Сёння споўнілася б 60 гадоў Анатолю Красоўскаму, вядомаму беларускаму бізнесмэну, сябру віцэ-спікера Вярхоўнага савета 13-га склікання Віктара Ганчара.

Анатоль Сцяпанавіч Красоўскі нарадзіўся 17 мая 1952 года ў п. Крупкі Менскай вобласці. Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Педагог, кандыдат філасофскіх навук, аўтар дзесяткаў навуковых прац і шэрагу навучальных дапаможнікаў, распрацоўшчык школьнага курсу «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». З пачатку дзевяностых буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў «Я + Я», «Ідэал» і іншых. Займаўся дабрачыннасцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі, у тым ліку і апазіцыйным, паведамляе ucpb.org.

Разам з Віктарам Ганчаром ён быў гвалтоўна выкрадзены 16 верасня 1999 года. З тых часоў ўлады ўжо трынаццаты год вядуць фармальнае расследаванне злачынства, ігнаруючы заклікі родных, блізкіх, прадстаўнікоў апазіцыі і міжнароднай супольнасці праверыць інфармацыю аб дачыненні да яго вышэйшых службовых асоб краіны.

Трагедыя адбылася 16 верасня 1999 года. Увечары гэтага дня Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было распачатае расследаванне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Ганчара. Гэтыя і іншыя сабраныя дадзеныя прасвятляюць дэталі выкрадання і ў вачах шырокай грамадскасці з'яўляюцца пацверджаннем таго, што яно было арганізаванае сіламі спецслужбаў. Афіцыйнае следства - нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім вялося сталае сачэнне сіламі Камітэта дзяржбяспекі - канстатавала немагчымасць усталявання ісціны. Пасля знікнення КДБ заявіў, што сачэнне было знятае менавіта 16 верасня.

У чэрвені 2001 года сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне паказанні следчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасці пра сістэму фізічнай ліквідацыі непажаданых у Беларусі, якая склалася за гады знаходжання Лукашэнкі ля улады і кантралюецца ім асабіста.

Апошнія навіны