Амапаўцы збівалі непаўнагадовага ўпяцёх (Відэа)
- 18.05.2012, 13:51
Збіты АМАПам маладафронтавец Раман Пратасевіч, які вывесіў у цэнтры Менска бел-чырвона-белы сцяг, распавёў пра тое, як праходзіла затрыманне.
«Мяне адвялі кудысьці за вугал, каб не відаць было. Трымалі двое, заламіўшы рукі. Яшчэ адзін чалавек стаяў, біў мяне па галаве і нагах, і яшчэ двое стаялі ззаду, каб нічога не было бачна», - распавядае непаўнагадовы актывіст «Маладога фронту» «Белсату».
Раман Пратасевіч вывесіў бел-чырвона-белы сцяг непадалёку ад будынка Адміністрацыі Лукашэнкі - на доме на рагу вуліцы Леніна і плошчы Незалежнасці. Унізе пад пажарнай лесвіцай яго ўжо чакалі міліцыянты ў цывільным і спецназаўская мікрааўтобус.
«Як толькі я саскочыў з пажарнай лесвіцы, калі замацаваў сцяг, мне адразу ў спіну быў моцны ўдар. Мяне павалілі, паклалі тварам на асфальт і заламалі вельмі моцна рукі», - распавёў Раман Пратасевіч. Хлопца збівалі на вуліцы, а потым завалаклі ў машыну, дзе працягнулі збіццё. «Там пратрымалі хвілін 30, таксама трохі білі, а потым ужо пасадзілі ў звычайны «бобік» і адвезлі ў Ленінскае РУУС, дзе пратрымалі больш за 4,5 гадзіны», - дадаў юнак.
Пакуль міліцыянты трымалі маладафронтаўца ў машыне, яны не маглі вырашыць, хто палезе па пажарнай лесвіцы здымаць сцяг. «Яны хвілін 20-30 спрачаліся, хто палезе на дах, таму што ўсе баяліся», - смяецца Раман Пратасевіч.