Жыхары Бараўлянаў супраць будаўніцтва хімзаводу (Відэа)
- 2.05.2012, 11:38
Жыхары вёсак Драздова і Малінаўка Бараўлянскага сельсавета б'юць трывогу.
На ўчастку паміж іхнымі населенымі пунктамі, за пару кіламетраў ад Менска, кампанія СТАА «М-Стандарт» павінная пабудаваць завод па вытворчасці хімічных сродкаў. Жыхары элітных катэджных пасёлкаў, вядома ж, супраць, піша ПЦ «Вясна».
Яны набывалі свае ўчасткі за $ 50-70 тысяч дзеля таго, каб жыць у чыстым месцы, без забруджаных грунтавых водаў.
Гісторыя пачалася яшчэ ў сакавіку 2010 года, калі Менаблвыканкам заключыў інвестыцыйну дамову з СТАА «М-Стандарт». Паводле яе, кампанія атрымала 5,55 га зямлі, на якіх у жніўні 2012 года павінная адкрыцца вытворчасць.
На заводзе будуць выпускаць астуджальныя вадкасці для дызельных аўтамабіляў і адмысловы рэагент.
Па словах жыхароў Драздова і Малінаўкі, пры выбары месца размяшчэння комплексу быў праігнараваны дзеючы на момант прыняцця адпаведных рашэнняў горадабудаўнічы рэгламент забудовы, усталяваны схемай планіроўкі прыгараднай зоны горада Менска. У адпаведнасці з дакументам, сцвярджаюць грамадзяне, у межах цэнтральнай падзоны дапускаецца «развіваць экалагічна бяспечныя прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, звязаныя з эканомікай Менска, індустрыю вольнага часу і забаў, а таксама канцэнтраваць інфраструктуру гандлю». Размяшчэнне прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці на названай тэрыторыі забароненае.