BE RU EN

Лукашэнка праз таварыша Лу дзякуе таварышу Ху

  • 21.05.2012, 14:16

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з намеснікам кіраўніка Сталага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лу Юнсянам.

«Без перабольшання магу канстатаваць, што мы выйшлі на беспрэцэдэнтны ўзровень узаемнага даверу і падтрымкі ў двухбаковых адносінах», - заявіў беларускі дыктатар.

«Па выніках 2011 года аб'ём двухбаковага гандлю пераадолеў мяжу ў $3 млрд», - адзначыў ён.

Для параўнання, у 2011 годзе Беларусь толькі ў Галандыю экспартавала нафтапрадуктаў на суму каля 6 млрд. даляраў. Але стратэгічных партнёраў ацэньваюць не лічбамі знешнегандлёвага абароту, нагадвае АФН.

«У любую хвіліну Кітай гатовы падставіць нам сваё сяброўскае плячо падтрымкі... У сваю чаргу мы нязменна падтрымліваем Кітай у адчувальных сферах», - патлумачыў Лукашэнка.

«Мы зацікаўленыя ў далейшым нарошчванні палітычнага, гандлёвага, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама ў эфектыўным узаемадзеянні ў навуковай, ваенна-тэхнічнай і гуманітарнай сферах», - дадаў ён. - «Прыярытэтнымі галінамі для нас павінныя стаць сувязь, касмічныя тэхналогіі, біяфармацэўтыка, новыя матэрыялы, энергетыка, машына- і прыборабудаванне».

У сваю чаргу таварыш Лу падрыхтаваў не менш годны адказ на дыфірамбы свайго суразмоўцы.

«Нягледзячы на тое, што мы знаходзімся тут менш, чым 24-х гадзіны, мы адчуваем тут сацыяльную, палітычную стабільнасць, рост эканоміка, народ жыве шчаслівым жыццём. Як блізкія сябры і партнёры, мы шчыра радуемся за вас», - шчыра заявіў таварыш Лу.

Апошнія навіны