BE RU EN

МНС правядзе вучэнні ў менскім супермаркеце

  • 21.05.2012, 16:39

Вучэнні ў адным з менскіх супермаркетаў пройдуць 22 мая ў «гадзіну пік».

Пра гэта паведаміў БелТА памочнік начальніка Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.

Прадстаўнік сталічнага ўпраўлення патлумачыў, што вучэнні пройдуць у краме буйной гандлёвай сеткі Менска. Будуць адпрацоўвацца не столькі дзеянні саміх пажарных, колькі ўзаемадзеянне з МНС адміністрацыі і персаналу супермаркета. Віталь Дэмбоўскі дадаў, што на гэтай гандлёвай кропцы створаная добраахвотная пажарная дружына. Вучэнні пакажуць, наколькі добра яна зможа ўжыць першасныя сродкі пажаратушэння. Яшчэ адна важная частка вучэнняў - адпрацоўка эвакуацыі персаналу і пакупнікоў. Паралельна з вучэннямі пройдзе інструктаж для дырэктараў усіх крам гэтай гандлёвай сеткі.

Віталь Дэмбоўскі дадаў, што пажары ў менскіх крамах адбываюцца не часта, але трэба ўлічваць, што буйныя сеткі супермаркетаў ў горадзе актыўна развіваюцца. Гэтыя гандлёвыя аб'екты наведвае вялікая колькасць людзей. І калі ў маленькім шапіку пытанне эвакуацыі пакупнікоў і прадаўцоў не стаіць, то дзеля супермаркета гэта вельмі важны элемент пажарнай бяспекі.

У мінулыя выходныя на ждановіцкім рынку праводзіліся падобныя вучэнні ў буйным гандлёвым цэнтры «Град». МНС не выпадкова правяло іх у гадзіну-пік. «Неабходна было зразумець, як дзейнічаць, калі ў цэнтры максімальная колькасць пакупнікоў. У звычайны дзень ці ўначы немэтазгодна праводзіць такія вучэнні», - сказаў Віталь Дэмбоўскі.

Апошнія навіны