Футбалісты «Нафтана» гатовыя страйкаваць
- 21.05.2012, 20:05
Калі камандзе не выплацяць заробак, то футбалісты адмовяцца ўдзельнічаць у наступным матчы.
Капітан наваполацкага «Нафтана» Мікіта Букаткін пасля фіналу Кубка Беларусі заявіў, што ў выпадку, калі клуб не пагасіць запазычанасць перад гульцамі, каманда не выйдзе на матч наступнага тура чэмпіянату супраць «Шахцёра».
«Нам сказалі, што ўсе запазычанасці па заробках павінныя аддаць да нашай гульні з «Шахцёрам». Калі гэтага не здарыцца, на матч каманда не паедзе», - сказаў ён у інтэрв'ю «Прэсболу».
Нагадаем, 20 мая наваполацкі «Нафтан» выйграў Кубак Беларусі па футболе.
У фінальным матчы, які прайшоў на сталічным стадыёне «Дынама», навапалачане у серыі пенальці перамаглі «Менск».