Шушкевіч: У «парламент» могуць пусціць кагосьці з апазіцыі дзеля пацехі
- 22.05.2012, 11:07
Як зменіцца «палітычны ландшафт» у краіне cа з'яўленнем праўладнай партыі?
Міністр інфармацыі, сябар рэспубліканскага савета рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Алег Праляскоўскі лічыць відавочным, што шлях па пераўтварэнні «Белай Русі» ў палітычную партыю з'яўляецца своечасовым і аб'ектыўна неабходным. Як зменіцца «палітычны ландшафт» у краіне са з'яўленнем праўладнай партыі? Пра гэта карэспандэнт Euramost.org гутарыць з экс-старшынём Верговного Савета Беларусі Станіславам Шушкевічам.
- «Белая Русь» - ужо фактычна партыя ўлады, - кажа Станіслаў Шушкевіч - Іх, безумоўна, зарэгіструюць, у гэтым сумневаў быць не можа.
- Дзеля чаго будзе створаная такая партыя, калі ўлада сёння і так аўтарытарная?
- Але ж трэба ж рабіць выгляд, што ў нас ёсць элементы дэмакратыі. Будуць сцвярджаць, што ў нас шмат партый. Сама «Белая Русь» стане праводзіць з'езды, нястомна ўхваляць ўсе рашэнні афіцыйнага лідара. А апошні скажа, што ён займае нейтральную пазіцыю і ў партыю ўступаць не будзе, каб захаваць нейтралітэт. Маўляў, людзі самі стварылі партыю і самастойна выказваюць сваю пазіцыю. Сцэнар абсалютна зразумелы. Будуць спяваць песні, а на Захадзе знойдуцца наіўныя людзі, якія будуць думаць, што ў Беларусі нешта мяняецца ў лепшы бок, партыі вольна рэгіструюцца.
- «Белая Русь» ствараецца па прынцыпе пракрамлёўскай «Адзінай Расеі»?
- Нешта падобнае. У той жа Расеі цёмнае насельніцтва краіны дзе-небудзь з глыбінкі будзе падтрымліваць любую партыю і любую ўладу. Пару медзякоў дадалі - і ўсе задаволеныя. Тая ж ментальнасць і ў Беларусі. У нас ніхто не імкнецца да буржуазна-дэмакратычных каштоўнасцяў, на якіх вырас цывілізаваны Захад.
- Было заяўлена, што стварэнне гэтай партыі прынцыпова зменіць характар палітычнага ландшафту краіны...
- Ніякі ландшафт тут не зменіцца, таму што гэтыя партыі, гэтыя людзі, якія будуць у партыі, наогул ні на што не ўплываюць. Іх задача проста ўхваляць рашэнні ўладаў. Усё! Мне падаецца, гэта не тое, што сёння трэба дзяржаве, якая хоча называцца цывілізаванай.
- Якія тады перспектывы ў партыі?
- Будуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на выбары і, смею вас запэўніць, усе яны будуць абраныя. Можа быць, у «парламент» дзеля пацехі пусцяць яшчэ кагосьці з апазіцыі.
- Гэта пра такую цывілізаваную апазіцыю ў парламенце заяўляў афіцыйны лідар?
- Той з апазіцыі, хто збіраецца ўдзельнічаць у «выбарах», ужо ідзе на супрацоўніцтва з уладамі. Пра якія сумленныя выбары можна казаць? З года ў год паўтараецца адно і тое ж. Увесь свет гэта разумее, хоць, напрыклад, расейскім уладам такая сітуацыя падабаецца. Ансамбль дыктатур аднолькава працуе і ў Расеі, і ў Беларусі.