BE RU EN

Вайцюшкевіч: Асноўныя тэмы на канцэртах - палітвязні і «чорныя спісы»

  • 22.05.2012, 12:02

Музыка Зміцер Вайцюшкевіч на мінулым тыдні выступаў з канцэртамі ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Нідэрландах і Літве.

Канцэрты прайшлі ў межах грамадскай кампаніі «Салідарнасць з Беларуссю», паведамляе «Радыё Свабода».

- Зміцер, вы толькі вярнуліся з еўрапейскага гастрольнага туру — Прага, Браціслава, Кракаў, Амстэрдам, Вена, Бэрлін. Раскажыце, чым былі адметныя гэтыя канцэрты? Хто ў Еўропе ходзіць на беларускіх музыкаў?

- Канцэрты называліся «Салідарнасць з Беларуссю», гэта культурніцкая ініцыятыва з ідэяй прыцягнуць увагу да беларускіх справаў. Былі дзве асноўныя тэмы: чорныя спісы музыкаў і палітзняволеныя. Мы спявалі ў тэатрах, у кавярнях, у палітычных цэнтрах.

Прыходзілі на канцэрты ня толькі беларусы. Я стараўся і справакаваць дыскусію: у Варшаве, напрыклад, у часе сустрэчы адзін дзед сказаў: «Пакіньце Беларусь у спакоі, у іх ёсць вялікі князь, якога выбраў народ». Я яму адказаў, што каб Польшчу пакінулі ў спакоі 30 гадоў таму, магчыма, яе проста не было б. Розныя людзі прыходзілі: я ніколі так шмат сваіх землякоў ня бачыў у маёй роднай Бярозаўцы, а вось у Амстэрдаме і ў Празе я іх убачыў шмат.

- Некалькі тыдняў таму ў Празе выступаў Лявон Вольскі з Крамбамбуляй. Пасля яго вы. Рок-гурт Сьцяна, а таксама хіп-хоп выканаўца Vinsent разам з гуртом выступілі на канцэрце «Салідарнасць з Беларуссю» ў Вільні, раней прайшлі канцэрты салідарнасці ў Варшаве. Выглядае, што забароненыя музыкі вымушана перамясцілі свае канцэрты з Беларусі за мяжу? Хто выйграў, а хто прайграў у гэтай сітуацыі?

- Гэтая акцыя не зусім была звязанай з канцэртамі: усё ж мы хацелі правесці дыскусію, спробу дыялёоу. Мы рабілі гэта праз эмацыйную частку, бо песня — гэта хутчэйшая дарожка, чым калі б прыехаў палітык і расказваў бы, як ён бачыць сітуацыю ў Беларусі.

Прайграе перадусім беларускі слухач, бо культурнае жыццё павінна быць у Беларусі, дзе ні за сцяг, ні за мову ніхто не павінен быць біты. А людзям цяпер страшна хадзіць на канцэрты, бо ў той самы дзень, як у мяне быў канцэрт, у Менску на падпольным канцэрце арыштавалі Бартосіка і Сімбірова, плюс яшчэ 15 людзей. Прайграе грамадзтва, бо музыкі — людзі актыўныя, яны знойдуць, як жыць. Я ўжо другі раз у такім спісе, мне трохі смешна, але выйсьця глабальнага я ня бачу: засяроджвацца на падпольных выступах у Беларусі альбо толькі на творчасьці і сыходзіць на бліжэйшыя гады са сцэны.

- Я памятаю, як калісьці ў метро віселі афішы з абвесткамі пра вашы канцэрты ў Канцэртнай залі «Менск». Цяпер вы фактычна забаронены музыка. Ці можна пражыць музыку з так званага чорнага спісу, ня маючы дадатковай працы, дадатковага заробку?

- Гэта вельмі цяжка. Вядомыя музыкі жывуць з падпольных выступаў, з карпаратываў. Фактычна, пражыць можна, але гэта прыніжае і краіну, і нас. Ты мусіш выкручвацца, я не скажу, што мая сям’я галадае, але гэта прыніжальная сытуацыя.

- Якія высновы вы зрабілі з супрацы з Уладзімерам Някляевым падчас выбарчай кампаніі 2010? Ці варта музыкам ісці ў палітыку?

- Някляева любіў і люблю, бо гэта мой сябар і мой суаўтар. Падкрэслена спяваў за яго. Былі музыкі, якія выказаліся за нейтралітэт у часе выбарчай кампаніі, і яны таксама патрапілі ў чорны спіс. Так што, я лічу, што варта было ўдзельнічаць. Някляеў для мяне — чалавек прыстойны, які нешта робіць дагэтуль, і кампанія іх нешта робіць, і сядзяць яны за свае справы, так што мне шкадаваць пра супрацу не даводзіцца.

- Вы праспявалі многіх беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Дранько-Майсюка, Някляева, Бураўкіна, Караткевіча — хто наступны?

- Хочацца праспяваць Сыса, трэба закончыць польскі праект, які выйдзе сёлета ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Заспяваць хацелася б якую дзяўчыну-паэтку, бо мужыкоў ужо хопіць. Хацелася б падыйсці альбо да маладой паэткі, альбо звярнуцца да Арсеньневай ці ўвогуле да творчасці беларускай эміграцыі, бо пра гэта на Беларусі мала спяваецца.

Апошнія навіны