Павел Сяргей выйшаў на свабоду (Фота)
- 22.05.2012, 13:42
21 мая пасля пяцісуткавага арышту з турмы на вуліцы Акрэсціна вызваліўся «маладафронтавец» Павел Сяргей.
Ля сцен ізалятара яго, нягледзячы на позні час, сустракалі актывісты «Маладога фронту».
Павел Сяргей сказаў, што ў яго бадзёры настрой, а падчас арышту ён чытаў кнігі, паведамляе mfront.net.
«Маладафронтавец» распавёў, што ў ноч арышту (з 15 на 16 мая) міліцыянты чакалі яго ля пад'езда кватэры. У кватэру ён быў вымушаны залазіць праз вакно, таму што ключы былі ва Уладзіміра Яроменка, якога затрымалі некалькімі гадзінамі раней. Нагадаем, ключы ад кватэры таксама былі ў міліцыянтаў, якія самі адчынілі імі дзверы, каб затрымаць Уладзіміра.
Калі Павел запаліў святло ў кватэры, міліцыянты пачалі ламіцца ў дзверы.
17 мая суддзя Фрунзенскага раёна Менска Наталля Каробіна вынесла прысуд па артыкуле 17.1 («Дробнае хуліганства»). З міліцэйскага пратакола ён даведаўся, што яго абвінавачваюць у лаянцы матам на прыпынку каля дома.