Наталля Радзіна: Няхай лукашэнкаўскі суд указвае БТ і «Советской Белоруссии»
- 22.05.2012, 15:59
Беспрэцэдэнтнае рашэнне Савецкага суда па пазове да Віктара Івашкевіча пракаментавала рэдактарка charter97.org.
«Беларускія ўлады, мажліва, зусім страцілі сувязь з рэальнасцю. На якой падставе сайт charter97.org павінен выконваць гэтае рашэнне? Мы не прызнаем рашэння лукашэнкаўскага суду, які абсалютна падкантрольны ўладам і выносіць толькі палітычна матываваныя прысуды. Хай яны ўказваюць БТ і «Советской Белоруссии», што рабіць.
У дадзеным канкрэтным выпадку мы апублікуем артыкул Віктара Івашкевіча. Перш за ўсё, таму што давяраем гэтаму палітыку. Усім будзе цікава прачытаць «абвяржэнне», напісанае пад прымусам. У Віктара Івашкевіча - выдатнае пачуццё гумару. Думаю, у яго ўсё атрымаецца.
Але хачу нагадаць, што я вымушаная бегчы з Беларусі, таму што супраць сайта charter97.org былі ўзбуджаныя тры крымінальныя справы, на рэдакцыю здзяйсняліся «налёты», адбыліся 5 ператрусаў у нас у офісе і ў мяне дома, загінуў заснавальнік сайта Алег Бябенін, а сама я апынулася ў турме, дзе падвяргалася шантажу, ціску і катаванням. Няхай лепш беларускі суд зоймецца расследаваннем гэтых злачынстваў супраць мяне, маіх сяброў і калегаў», - заявіла Наталля Радзіна.