Федэрацыя футбола трапіла ў «чорны спіс»
- 23.05.2012, 9:30
Тэлежурналіст Ігар Каленькоў распавёў пра негалосную забарону кіраўніцтва канала СТВ на паказ спартовых падзей пад эгідай БФФ.
- З футбольнымі здымкамі пакуль зацішша, - распавёў Каленькоў «Прессболу». - Было дадзенае сакрэтнае ўказанне: ігнараваць спартовыя падзеі пад эгідай БФФ. А якія падзеі праходзяць не пад эгідай БФФ? Футзала, напрыклад. Вось - здымайце. Нядаўна зняў матч лідараў жаночага чэмпіянату Беларусі, аднак у эфір не пусцілі - нельга. Чакаем, пакуль устаканіцца бура канфлікту паміж БФФ і СТВ, піша «Салiдарнасць».
Нагадаем, што прычынай канфлікту сталі няўдалыя перамовы паміж бакамі аб умовах паказу першынства краіны па футболе. Каментуючы іх, першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар'ян заявіў: «СТВ паводзілася, як картачныя шулеры».
СТВ пакрыўдзілася і ўключыла федэрацыю ў свой «чорны спіс». Цяжка ўявіць сабе больш абсурдную сітуацыю: дзяржаўны канал ігнаруе чэмпіянат Беларусі па футболе...