ДМК: Мяжу закрывалі расейцы
- 23.05.2012, 13:12
На беларуска-расейскай мяжы насамрэч ажыццяўляецца пашпартны кантроль.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі валодае інфармацыяй аб выпадках ажыццяўлення пашпартнага кантролю расейскімі памежнікамі на расейска-беларускай мяжы, паведаміў на прэс-канферэнцыі 23 мая ў Менску намеснік старшыні ДМК Сяргей Барысюк.
«Мытныя органы Рэспублікі Беларусь не ажыццяўляюць пашпартны кантроль. Разам з тым мы валодаем інфармацыяй, што на перыядычнай аснове памежныя службы Расейскай Федэрацыі такія мерапрыемствы на беларуска-расейскай мяжы праводзяць», - сказаў БелаПАН намеснік старшыні ДМК.
Пры гэтым Сяргей Барысюк не змог адказаць на пытанне, з чым гэта звязана. «Мне цяжка каментаваць дзеянні памежнай службы Расейскай Федэрацыі», - адзначыў ён.
Інфармацыя пра тое, што на мяжы Беларусі з Расеяй зноў сталі ажыццяўляць пашпартны кантроль, была распаўсюджаная некаторымі інтэрнэт-рэсурсамі 22 мая. Некаторыя сведкі, якія перасякалі ў гэты дзень мяжу паміж Беларуссю і Расеяй, распавядалі ў Інтэрнэце аб павальным пашпартным кантролі, перакрыцці дарог шлагбаўмамі. Пры гэтым не паведамлялася, хто праводзіў гэты кантроль - міліцыя ці памежнікі і на якім баку - беларускім ці расейскім.
23 мая прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка заявіў БелаПАН, што ніякіх памежных мерапрыемстваў, якія б прадугледжвалі ўвядзенне пашпартнага кантролю на мяжы з Расеяй, не праводзілася.
Па словах Цішчанкі, людзі, якіх на мяжы магла закрануць праверка дакументаў, хутчэй за ўсё, сутыкнуліся з аперацыяй «Перахват». Такія мерапрыемствы праводзяцца для вышуку, напрыклад, вінаватых у ДТЗ, якія схаваліся з месца здарэння, для вышуку асоб, якія здзейснілі злачынства.