Намеснік кіраўніка МЗС паляцеў на Кубу і ў Эквадор
- 24.05.2012, 14:54
Беларусь пашырае супрацоўніцтва з Кубай і Эквадорам.
Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
З 23 па 30 мая праходзіць візіт беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам на Кубу і ў Эквадор. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, канцэрна «Белнафтахім», а таксама шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.
Падчас візіту на Кубу запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы, кіраўніцтвам Савета Міністраў, міністэрстваў замежных спраў, знешняга гандлю, прамысловасці, энергетыкі, горнаруднай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, абароны.
У Эквадоры намечаныя сустрэчы Сяргея Алейніка з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, міністэрстваў замежных спраў, каардынацыі стратэгічных сектараў эканомікі, горнаруднай прамысловасці і энергетыкі, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, абароны.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі сустрэнецца з кіраўніцтвам дзяржаўных нафтавых кампаній «Петраэквадор» і «Петраамазонас» і знешнегандлёвай арганізацыі «Проэквадор». Запланаванае абмеркаванне перспектыў гандлёвага і эканамічнага супрацоўніцтва з шэрагам іншых вядучых прадпрымальніцкіх структур гэтай краіны.