BE RU EN

Беларусы сустрэліся з удзельнікамі польскай «Салідарнасці»

  • 25.05.2012, 16:37

У польскім горадзе Лодзь прайшла сустрэча беларускіх студэнтаў з актывістамі польскага супраціву 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Галоўнай тэмай сустрэчы былі падзеі 1989 года, калі апазіцыйны рух «Салідарнасць» выйграў першыя вольныя выбары ў камуністычнай Польшчы. У канцы васьмідзесятых гадоў кіраўніцтва краіны ва ўмовах распаду сацыялістычнага лагера вымушанае было пачаць перамовы з «Салідарнасцю» і іншымі групамі апазіцыі ў межах комплекснага працэсу, вядомага як «Круглы стол». Вынікам гэтых перамоваў сталі выбары ў Польшчы 1989 года, па сутнасці дэмакратычныя, але з шэрагам спадарожных умоваў, якія забяспечвалі камуністычнай партыі перавагу ў парламенце. На выбарах «Салідарнасць» дамаглася вялікіх поспехаў і да канца жніўня сфарміравала ўрадавую кааліцыю. У снежні 1989 года лідар «Салідарнасці» Лех Валенса быў абраны прэзідэнтам Польшчы.

Аб сустрэчы сайту charter97.org распавялі яе ўдзельнікі - беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Польшчы.

«Вельмі цікава было паслухаць людзей, якія ў той час змагаліся супраць камуністычнага рэжыму. Гэта Івона Шледзіньска-Катарасіньска, Люцына Вазьняк, Рышард Зджалік. Усе гэтыя людзі ў тыя часы падвяргаліся рэпрэсіям, гублялі працу, сядзелі ў турмах. Усё іхняе жыццё ў тыя гады нагадвае цяперашнюю барацьбу ў Беларусі. Часу прайшло шмат, а праблемы тыя ж, толькі ўжо ў суседняй краіне, якая ўсім гэтым людзям неабыякавы. Беларускія студэнты, якія прысутнічаюць на сустрэчы, - гэта ўдзельнікі праграмы Кастуся Каліноўскага, якія навучаюцца ў Польшчы і працягваюць распаўсюджваць інфармацыю пра падзеі на радзіме», - распавяла Кацярына Ерусалімская.

«Сустрэча з прадстаўнікамі польскай «Салідарнасці» яшчэ раз нагадала аб значнасці барацьбы за дэмакратыю ў маёй краіне. Калі ў рэальнасці сустракаешся з людзьмі, якія раней змагаліся за сваю свабоду і дамагліся яе, то з'яўляюцца новыя сілы і натхненне дзейнічаць. Мы ведаем, што мы не адныя», - кажа яшчэ адна ўдзельніца сустрэчы Святлана Рослікава.

Таксама ў Лодзі адбылася прэзентацыя фільма «Апошні дыктатар Еўропы». Па заканчэнні прагляду фільма, удзельнікі падпісалі паштоўкі беларускім палітвязням.

Апошнія навіны