Парадокс: колькасць звольненых расце, а беспрацоўных падае
- 29.05.2012, 9:53
У Беларусі ўтварыўся статыстычны парадокс: за год колькасць людзей, якія звольніліся, вырасла на 2,3%, а беспрацоўных, наадварот, скарацілася на 6,3%.
Адкуль узялася статыстычная дзірка, «Белсату» тлумачыць старшыня прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў свежую справаздачу, паводле якой у Беларусі назіраецца дысбаланс: звольнілі на 28 274 чалавек болей, чым узялі на працу. У той жа час колькасць беспрацоўных на канец красавіка склала 30 600 чалавек, што на 6,3% меней, чым у мінулым годзе за гэты ж перыяд. Белстат падкрэслівае агульную тэндэнцыю на змяншэнне зарэгістраваных беспрацоўных.
«Іх трэба шукаць у Расеі, - кажа лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. - Гэтая тэндэнцыя была б пазітыўнай, калі б людзі, да прыкладу, будаўнікі, з'язджалі, таму што ў нас тут не было б чаго будаваць. Але рэальная прычына іншая: едуць туды, дзе могуць зарабіць грошай, каб сем'і пракарміць. Яны прывозяць сюды з расейскіх будоўляў свае 700-800 даляраў, якія тут не заробіш».
У рэйтынгу тых, хто сышоў з працы, лідзіруюць працаўнікі перапрацоўчай прамысловасці (55 000), будаўнікі (37 000), спецыялісты ў галіне адукацыі (22 000), а таксама транспарту і сувязі (17 000).
Генадзь Фядыніч звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на з'яўленне ў некаторых галінах статыстычнага балансу паміж звольненымі і прынятымі, падае ўзровень прафесіяналізму.
«Сыходзяць перш за ўсё высокакваліфікаваныя спецыялісты, якім ёсць куды імкнуцца, якія могуць у іншай краіне зарабіць больш. Бо стаяць на біржы за 20 даляраў і потым хадзіць на грамадскую працу - гэта пасмешышча, гэта сябе не паважаць», - кажа Фядыніч.
Эксперт лічыць, што пры цяперашняй палітыцы выправіць сітуацыю амаль немагчыма, і ў будучыні на месцы нашых будаўнікоў прыедуць менш амбіцыйныя замежнікі з бедных краін.