Нацбанк прызнаўся
- 29.05.2012, 12:23
Эканамічнае становішча прадпрыемстваў пагаршаецца.
Маніторынг беларускіх прадпрыемстваў Нацбанка паказаў негатыўныя змены большасці паказчыкаў іх фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў студзені-красавіку гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аналіз эканамічнай кан'юнктуры зроблены на аснове дадзеных па 1995 прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі, перадае «Тэлеграф».
Паводле маніторынгу Нацбанка, пагоршылася эканамічная кан'юнктура і эканамічнае становішча многіх прадпрыемстваў. Ніжэй за ўзровень студзеня-красавіка мінулага года склаліся значэнні індэкса бізнес-клімату, паказчыкі вытворчасці, рэалізацыі, загрузкі вытворчых магутнасцяў, фізічнага аб'ёму замоваў на ўнутраным і знешнім рынках, попыту, чыстага прыбытку. Таксама адзначанае павелічэнне тэмпаў росту нерэалізаванай прадукцыі.
Разам з тым у красавіку намеціліся пэўныя пазітыўныя зрухі, і значэнні большасці паказчыкаў наблізіліся да іх узроўняў аналагічнага перыяду мінулага года.
У той жа час пры ўзмацненні жорсткасці умоваў крэдытавання і дзеянні іншых негатыўных фактараў скарачаліся рэшткі грашовых сродкаў на рахунках прадпрыемстваў, памяншаліся ўласныя абаротныя сродкі. Тэмпы росту пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці ў студзені-красавіку гэтага года склаліся вышэйшыя, чым у студзені-красавіку мінулага года, адзначаецца ў маніторынгу.
Тэмпы росту выдаткаў вытворчасці ў студзені-красавіку гэтага года запаволіліся, але ўзровень іх быў значна вышэйшы за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. Нараўне з гэтым тэмпы росту адпускных коштаў на прадукцыю ў студзені-красавіка 2012 года былі ніжэйшыя, чым у студзені-красавіку 2011 года.
Як канстатуе Нацбанк, у студзені-красавіку гэтага года ўплыў на гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў попыту, забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі, умоваў крэдытавання, рызык гаспадарчай дзейнасці, пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці было вышэй, чым у студзені-красавіку мінулага года. Разам з тым у красавіку гэтага года адзначаецца паслабленне ўплыву гэтых фактараў.
70,5% удзельнікаў маніторынгу ацанілі эканамічнае становішча ў красавіку як здавальняючае. У цэлым яны адзначаюць, што пагаршэнне эканамічнага становішча запавольваецца.
У маі-ліпені гэтага года прадпрыемствы чакаюць замаруджвання павелічэння попыту, аб'ёмаў вытворчасці, коштаў і патрэбаў у крэдытаванні, а таксама павелічэння колькасці занятых, паведамляецца ў аглядзе Нацбанка.