BE RU EN

Партыя БНФ: Да Лукашэнкі прыехаў саюзнік па «дыктатарскім інтэрнацыянале»

  • 31.05.2012, 11:24

Партыя БНФ асудзіла візіт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна як палітычна недарэчны.

«Для беларускага народа любое ўзмацненне кантактаў афіцыйнага Менска з Крамлём заўсёды азначала ўзмацненне палітычных рэпрэсій і пераслед іншадумцаў», - сцвярджае намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Паводле яго, пры падрыхтоўцы візіту Пуціна ў Менск каля 10 актывістаў «Маладога фронту» і іншых дэмакратычных арганізацый былі прэвентыўна пакараныя па абсурдных абвінавачваннях адміністрацыйнымі арыштамі, і затрыманні ўсё яшчэ працягваюцца.

Лялькоў падкрэслівае, што «асаблівую недарэчнасць сустрэча беларускага і расейскага прэзідэнтаў набывае ва ўмовах узмацнення рэпрэсій адносна беларусаў у Расеі». Паводле яго, 12 красавіка супрацоўнікі Следчага ўпраўлення Следчага камітэта РФ па Іркуцкай вобласці пры падтрымцы атрада спецыяльнага прызначэння ўварваліся ў кватэру Алега Рудакова, старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, і ў офіс гэтай арганізацыі. «Была канфіскаваная маёмасць беларускай арганізацыі, літаратура, беларуская нацыянальная сімволіка, носьбіты інфармацыі. Беларуская арганізацыя і яе актывісты Алег Рудакоў і Аляксей Кухто былі абвінавачаныя ў «экстрэмісцкай дзейнасці», - працягвае прадстаўнік партыі БНФ.

«У такіх умовах сустрэча Лукашэнкі і Пуціна можа быць расцэненая не толькі як сустрэча саюзнікаў па «дыктатарскім інтэрнацыянале», якія падтрымліваюць адзін аднаго. Татальная палітычная і эканамічная залежнасць афіцыйнага Менска ад крамлёўскай падтрымкі мае ў выніку зваротную падтрымку беларускім дыктатарам імперскай і фактычна беларусафобскай палітыкі расейскіх уладаў», - адзначаецца ў заяве БНФ.

Партыя БНФ заклікае ўлады Расеі спыніць «палітычна матываваны крымінальны пераслед» моладзевага клуба «Крывічы» пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і беларускіх актывістаў Іркуцка Алега Рудакова і Аляксея Кухто. Партыя БНФ таксама патрабуе ад уладаў Беларусі «спынення выкарыстання адміністрацыйнага пераследу ў мэтах палітычных рэпрэсій у дачыненні да моладзевых актывістаў Беларусі».

Апошнія навіны