BE RU EN

Пад Менскам затрымалі бардаў і іх слухачоў

  • 6.05.2012, 21:55

(абноўлена) Музыкаў Зміцера Бартосіка і Ігара Сімбірова, якія давалі пад Менскам прыватны канцэрт, і яшчэ 15 чалавек затрымалі каля станцыі «Зялёная».

Міліцыянты ніяк не аргументавалі затрыманне. У затрыманых узялі адбіткі пальцаў і ўсіх, акрамя Сімбірова, адпусцілі, перадае «Радыё Свабода».

У Ігара Сімбірова таксама ўзялі тлумачэнні, ён аспрэчыў абвінавачванні міліцыянтаў у тым, што пры затрыманні ён супраціўляўся. Правялі экспертызу на алкаголь, і яна паказала, што Сімбіроў цвярозы. Што з ім будзе далей, міліцыянты не сказалі.

Нагадаем, Сімбіроў выйшаў на волю пасля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту 6 мая.

Прысуд суддзі Кастрычніцкага суду Менска Наталлі Пратасавіцкай актывіст адбываў у турме на вуліцы Акрэсціна.

Як паведаміў пасля вызвалення Ігар Сімбіроў, першыя тры дні ён трымаў галадоўку супраць незаконнага, як ён заяўляе, арышту. Пасля пагаршэння стану здароўя спыніў яе. За ўвесь час арышту, сцвярджае Сімбіроў, ён атрымліваў перадачы толькі ад свайго калегі музыкі Зміцера Бартосіка.

Ігара Сімбірова затрымалі на Менскім чыгуначным вакзале 26 красавіка, калі ён прыехаў з Асіповічаў на «Чарнобыльскі шлях». Па тэлефоне з аддзялення міліцыі ён паведаміў, што пры затрыманні яго збілі. Міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сімбірова абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі. За гэта і асудзілі.

Апошнія навіны