Хто навучыць студэнтаў жыць за 47 даляраў на месяц?
- 8.05.2012, 14:49
Другі раз за апошнія паўгады вырастуць стыпендыі для беларускіх студэнтаў.
Са зменай тарыфнай стаўкі першага разраду з мая расце і вучэбная стыпендыя студэнтаў, паведамляе generation.by. Вырастуць выплаты прыкладна на 5%, што павялічыць мінімальную стыпендыю да 376 тысяч рублёў або 47 даляраў, а максімальную стыпендыю, на якую могуць прэтэндаваць толькі студэнты БДУ, да 788 тысяч ці 97 даляраў.
У 2011 годзе стыпендыі павялічвалі ледзь не штомесяц. Апошні ж квартал беларускія студэнты першай ступені навучання атрымлівалі выплаты, памер якіх не мог перавышаць мяжу ў 92 даляры.
Характэрна, што памер стыпендыі ў 47 даляраў - максімальны за апошнія гады. Зараз фармальна можна казаць аб тым, што беларускія, перш за ўсё менскія студэнты, якія да 1 ліпеня не плацяць за грамадскі транспарт, жывуць лепш, чым калі-небудзь.
З іх самае «салодкае» жыццё ў навучэнцаў БДУ і Акадэміі кіравання. У студэнтаў першай ВНУ стыпендыя на 30% большая, чым ва ўсіх астатніх, у Акадэміі - на 15%.
Мінімальная стыпендыя ў беларускай магістратуры зараз будзе роўная 73 далярам, у аспірантуры - 197 даляраў.