Беларускія міліцыянты рвалі польскія сцягі
- 1.06.2012, 15:03
Пры разгоне акцыі Саюза палякаў міліцыя дзейнічала вельмі жорстка.
Па словах затрыманага журналіста Анджэя Пачобута, міліцыянты вельмі жорстка абыходзіліся з удзельнікамі пікету ў Гродне і нават парвалі польскі дзяржаўны сцяг.
Журналіста выклікалі ў інспекцыю па выкананні пакаранняў напярэдадні пікету, які правялі польскія актывісты ў Гродне. Анджэй Пачобут кажа, што доўгі час з ім вялі гутарку літаральна наконт пашпартных дадзеных, перадае «Еўрарадыё».
«Пасля мяне адвялі да начальніка Ленінскага РАУС. Ён таксама вельмі доўга знаёміўся з маёй справай, там прынеслі асабістая справу, прысуд... А потым вынес мне афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. З чым звязанае гэтае папярэджанне, мне не растлумачылі. Мне сказалі: вы былі асуджаныя па такім артыкуле, у нас ёсць падставы думаць, што вы збіраецеся парушаць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і мы вам афіцыйна выносім папярэджанне. Ёсць такая практыка, што Міністэрства ўнутраных спраў часам такія рэчы робіць», - распавёў Пачобут.
Нагадаем, што Пачобут быў асуджаны за «абразу гонару і годнасці» Лукашэнкі. Адно папярэджанне за парушэнне рэжыму пакарання ў яго ўжо ёсць. Аднак цяперашняе папярэджанне, кажа журналіст, не павіннае далучацца да папярэдняга, бо гэта - прэвентыўная мера.
На думку Пачобута, затрымаўшы журналістаў, гродзенскія ўлады хацелі пазбегнуць асвятлення сённяшняй акцыі і яе брутальнага разгону. Журналіст адзначыў, што міліцыянты вельмі жорстка абыходзіліся з удзельнікамі польскага пікету і нават парвалі польскі дзяржаўны сцяг.
Актывісты польскай меншасці сёння пратэставалі супраць русіфікацыі адзінай у Гродне польскай школы. У Гродне сёння былі затрыманыя 18 чалавек.