Збітага міліцыяй актывіста Саюза палякаў будуць судзіць
- 1.06.2012, 16:05
Ігара Банцара, затрыманага і моцна збітага падчас сённяшняй акцыі Саюза палякаў, будуць сёння судзіць.
Ягоная жонка, Анжаліка Арэхва, паехала дамаўляцца з адвакатам, перадае «Радыё Свабода».
Нагадаем, Банцару ў аддзяленне міліцыі выклікалі «хуткую». Калі яго затрымлівалі, ён стукнуўся галавой аб асфальт. Жонка актывіста кажа, што мужа збівалі.
Як паведамляў сёння сайт charter97.org, у Гродне прайшла акцыя супраць увядзення расейскамоўных класаў у польскай школе № 36. У ёй бралі ўдзел каля 50 сябраў неафіцыйнага «Саюзу палякаў на Беларусі». За ўдзельнікамі акцыі назірала міліцыя і людзі ў цывільным.
Пасля таго, як удзельнікі пікету разгарнулі плакат «Не аддадзім польскую школу», іх пачалі затрымліваць.
Па словах затрыманага журналіста Анджэя Пачобута, міліцыянты вельмі жорстка абыходзіліся з актывістамі і нават парвалі польскі дзяржаўны сцяг. Усяго было затрымана 18 чалавек, у аддзяленні міліцыі на некаторых склалі пратаколы, з некаторымі актывістамі проста правялі прафілактычныя гутаркі.
Нагадаем, 22 мая ўлады Грoдна забаранілі пікеты супраць змены моўнага рэжыму ў польскамоўнай школе № 36.
Бацькі вучняў хвалююцца, бо ўлады плануюць размясціць у школе класы з беларускай мовай навучання.
Улады спасылаюцца на перагружанасць іншых школ у мікрараёне «Дзевятоўка».
Школа з польскай мовай навучання была пабудаваная ў сярэдзіне 1990-х гадоў на грошы польскага ўрада. Заняткі ў ёй праходзяць у адну змену.