У ЕЭК набіраюць людзей «з вуліцы»
- 18.06.2012, 14:56
Еўразійская эканамічная камісія, куды сышлі працаваць Каткавец і Сідорскі, набірае на працу людзей «з вуліцы».
Еўразійскай эканамічнай камісіі патрэбныя свежыя сілы і новыя кадры. Аб гэтым заявіла сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве міністр па асноўных напрамках інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Тацяна Валавая.
Тацяна Валавая паведаміла, што ў камісіі рэгулярна праводзяцца конкурсы на замяшчэнне вакантных пасад. Пры гэтым на працу ў камісію прыйшло шмат спецыялістаў з сакратарыята Мытнага саюза, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, Расеі і Казахстана. «Але ў камісіі па-ранейшаму шмат вакансій, нам рэальна патрэбныя новыя людзі, - сказала Тацяна Валавая. - Часта кандыдаты прыходзяць са сваімі рэзюмэ наўпрост з вуліцы, і яны паспяхова ўладкоўваюцца да нас на працу».
«Конкурсы ў Еўразійскай эканамічнай камісіі на замяшчэнне вакантных пасад сумленныя і справядлівыя», - цытуе БелТА Тацяну Валавую.
Нагадаем, што ў Еўразійскай эканамічнай камісіі ўжо працуюць Сяргей Сідорскі і Надзея Каткавец.