«Платформа»: Са зняволеных працягваюць здзекавацца
- 18.06.2012, 15:15
ІАУ «Платформа» прадставіла ў Менску маніторынгавую справаздачу аб праблемах у галіне ўмоваў утрымання зняволеных у пенітэнцыярных установах Беларусі.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 чэрвеня кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка, падставай для гэтага сталі частыя выпадкі паступлення інфармацыі аб фактах парушэння законных правоў зняволеных і ігнараванне нагляднымі органамі скаргаў на парушэнні адміністрацыямі выпраўленчых калоній і СІЗА дзеючага заканадаўства, перадае БелаПАН.
«У мінулым годзе мы паведамлялі аб фактах жорсткага абыходжання і збіцці зняволеных як мінімум у дзвюх калоніях - у Івацэвічах і Глыбокім. Там зняволеных збівалі настолькі жорстка, што іх былі вымушаныя адправіць у грамадзянскія лякарні на аперацыі. Тым не менш на ўсе нашыя звароты з гэтай нагоды пракуратура адказала, што праведзеная праверка такіх фактаў не ўсталявала. Тым не менш зняволеныя, якія выходзяць з калоніі, пацвердзілі наяўнасць гэтых збіванняў, а таксама тое, што яны распавядалі правяраючым аб гэтых фактах», - паведаміў Бандарэнка.
Таму, паводле яго, «Платформа стварыла маніторынгавыя групы, якія збіралі інфармацыю пра ўмовы ўтрымання зняволеных у калоніях са словаў людзей, якія ўжо вызваліліся. «Парушэнні практычна паўсюдныя і аднолькавыя. У следчых ізалятарах гэта перанаселенасць камер, у калоніях - жорсткае абыходжанне, ціск на асуджаных з боку адміністрацыі, перашкода ў атрыманні карэспандэнцыі і адпраўцы скаргаў на дзеянні адміністрацыі, незаконнае прымяненне розных спагнанняў і пакаранняў. У штрафных ізалятарах калоній і памяшканнях камернага тыпу - парушэнне санітарна-эпідэміялагічных норм і жорсткае абыходжанне», - распавёў Бандарэнка.
Былы адвакат Павел Сапелка падчас прэс-канферэнцыі адзначыў, што аналагічны маніторынг ў 2009 годзе праводзіў незарэгістраваны ў Беларусі праваабарончы цэнтр «Вясна» сумесна з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека. «Мы бачым, што сітуацыя з правамі зняволеных з тых часоў практычна не змянілася. Парушэнні як былі, так і засталіся», - канстатаваў ён.
Як паведаміў Бандарэнка, цяперашні маніторынг - гэта толькі першая частка працы «Платформы». «Мы па-ранейшаму сумесна з іншымі праваабаронцамі будзем праводзіць даследаванні ўмоваў утрымання зняволеных і плануем паставіць выпуск такіх маніторынгаў на рэгулярную аснову», - сказаў ён.
Па словах кіраўніка «Платформы», маніторынг будзе разасланы ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і іншыя структуры. Акрамя таго, ён будзе перададзены ў амбасады і дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Менску. Некаторыя амбасады, як адзначыў Бандарэнка, ужо выказалі зацікаўленасць у атрыманні такога маніторынгу.