Салігорская міліцыя шукала анархіста у лядоўні
- 18.06.2012, 16:04
Супрацоўнікі міліцыі ўначы ўварваліся ў кватэру бацькоў анархіста Зміцера Дубоўскага.
Ён з'яўляецца адным з фігурантаў «справы менскіх анархістаў» і зараз знаходзіцца за межамі Беларусі.
Літаральна за дзень да гэтага, 12 чэрвеня, у маці Зміцера Дубоўскага Валянціны быў дзень народзінаў. Уначы наступнага дня трое супрацоўнікаў міліцыі Салігорска, якія не назваліся, прыйшлі з ператрусам у кватэру, дзе пражываюць бацькі Дубоўскага. Спачатку міліцыянты грукалі ў дзверы суседзяў, а потым ужо пачалі ламіцца непасрэдна ў кватэру бацькоў. Пры гэтым ніякіх папер на ператрус не было, толькі фотаздымак самога Зміцера. На спробы высветліць прававыя падставы дзеля падобных дзеянняў супрацоўнікі адказалі: «Калі ў вас няма сувязяў, нам усё роўна нічога не будзе». Па словах бацькоў Зміцера, міліцыянты аглядалі ўсё запар, заглядвалі ў лядоўню, распавядаючы пра тое, што бацькі хаваюць дзяцей і там, аглядалі тэлевізар, вывучалі шпалеры.
Родныя Зміцера асцерагаюцца, што ў іхняй кватэры ў гэтую ноч маглі быць усталяваныя жучкі, бо цалкам кантраляваць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі на той момант не было магчымым. Ёсць таксама верагоднасць, што прылады дзеля праслухоўвання былі ўсталяваныя раней, калі вялося следства па справе аб нападзе на расейскую амбасаду, і міліцыянты маглі правяраць іх пасля рамонту. Зрабіўшы павярхоўны агляд кватэры і моцна занепакоіўшы бацькоў Зміцера, міліцыянты сышлі і абяцалі перыядычна паўтараць свае візіты, калі сын не вернецца.
Гэта не першая спроба супрацоўнікаў праваахоўных органаў аказаць ціск на сям'ю Дубоўскага. У лістападзе 2011 года як мяркуецца, супрацоўнікі дзяржбяспекі падселі да стрыечнага брата і сястры Зміцера, якія ў той момант адпачывалі ў кафэ непадалёк ад Менска, і пачалі іх распытваць пра самога Зміцера.
Відавочна, што справа не скончаная і перыядычна супрацоўнікі следства даручаюць сваім калегам дапамагчы ў раскрыцці «глушца», лічаць сябры Зміцера. Сваякі палітычнага імігранта апынуліся ў заложніках рэпрэсіўнага апарата, прадстаўнікі якога спрабуюць аказаць псіхалагічны ціск на самога Зміцера з мэтай дамагчыся ягонага вяртання.
Нагадаем, што Зміцер Дубоўскі пакінуў Беларусь увосень 2010 года, у разгар масавых рэпрэсій у дачыненні да анархістаў і іншых сацыяльных актывістаў, баючыся за сваю свабоду. Зміцер Дубоўскі быў разам з Ігарам Аліневічам, калі таго выкралі з Масквы невядомыя. У яго атрымалася схавацца і ў далейшым знікнуць з радараў беларускіх сілавікоў. Дубоўскага завочна абвінавацілі ў саўдзеле ў атакаванні апорнага пункту міліцыі ў Салігорску, нападзе на казіно Шангры-Ла і ІЧУ па вул. Акрэсціна.