Усаў: Улады баяцца сацыяльнага выбуху
- 19.06.2012, 16:41
Улады вельмі сур'ёзна ставяцца да будучых «парламенцкіх выбараў», бо не ведаюць, па якім сцэнары разгорнуцца падзеі.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Белсату» сказаў палітолаг Павел Усаў.
Эксперт перакананы, што выбарчая кампанія перад «парламенцкімі выбарамі» будзе праходзіць у жорсткіх умовах, бо ўлады баяцца таго, што адбывалася ў Афрыцы і постсавецкіх краінах, калі выбары станавіліся фактарам сацыяльнага выбуху.
Кіраўніцтва краіны не апамяталася яшчэ таксама пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, калі грамадства нечакана вырашылася выказацца супраць існуючага ладу.
Палітолаг лічыць, што кіраўніцтва Беларусі ўспрымае выбары як асаблівую «магчымасць легітымізаваць сваю ўладу - перш за ўсё заканадаўчую».
Эксперт падкрэсліў, што ўлады выкарыстоўваюць такую магчымасць, каб паказаць свету, што «ў дзяржаве адбываюцца пэўныя дэмакратычныя працэсы, і яна нічым не адрозніваецца ад замежных краін».