Яцак Пратасевіч павіншаваў лаўрэатаў прэміі «За свабоду думкі»
- 20.06.2012, 10:51
Віцэ-старшыня Еўрапейскага парламента павіншаваў Аляксандра Белакоза і Лявона Вольскага.
«Я ганаруся тым, што гэтая прэмія - працяг прэміі Сахарава, якая ўручаецца Еўрапейскім парламентам. Прэмія Сахарава адзначае выбітных людзей, якія змагаюцца супраць нецярпімасці, фанатызму і прыгнёту, змагаюцца за правы чалавека і свабоду слова. Прэмія Сахарава вельмі важная для Еўрапейскага парламента, і мы выказваем найвялікшую падзяку заснавальнікам беларускай ўзнагароды за тое, што змаглі працягнуць нашую традыцыю ў сваёй краіне», - гаворыцца ў віншавальным лісце Пратасевіча, паведамляе pyx.by.
«Ведаю з уласнага досведу, - піша адзін з кіраўнікоў Еўрапарламента, - што трэба нямала адвагі, цярпення, сілы і велізарная сіла волі, каб змагацца за свае асноўныя правы і правы свайго народа, асабліва ў такой краіне, як Беларусь. Гэта няпростая справа. Тым не менш, нават самы малы ўклад кожнага з нас вельмі важны».
Яцак Пратасевіч пажадаў Аляксандру Белакозу і Лявону Вольскаму «захаваць сілу духу і веру ў лепшае дзеля сваёй краіны і свайго народа, а таксама заўсёды знаходзіць сілы, каб працягваць дзейнасць на карысць Беларусі і яе свабоды».