Аліменты прывяжуць да сярэдняга заробку
- 20.06.2012, 13:09
У ліпені 2012 года ўступае ў сілу закон, які ўносіць змяненні ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і.
У прыватнасці, ён зменіць парадак разліку запазычанасці па аліментах. «Пасля ўступлення ў сілу адпаведнай нормы пры разліку запазычанасці па аліментах судовы выканаўца будзе зыходзіць з сярэдняй заработнай платы работніка ў цэлым па рэспубліцы, а не з сярэдняга заробку ў тым рэгіёне, дзе пражывае даўжнік», - паведаміў у час оnline канферэнцыі на сайце БелТА міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. Такое рашэнне было прынятае, каб пазбегнуць сітуацыі, калі бакі будуць пражываць у розных рэгіёнах з розным узроўнем сярэдняга заробку.
Дадзеныя змяненні закрануць толькі тыя выпадкі, калі даўжнік не працуе. Калі ж ён мае сталы прыбытак, то будзе дзейнічаць ранейшы парадак - адпаведны адсотак будзе утрыманы з ягонай заработнай платы.
Таксама міністр сказаў, што «неканфліктныя» разводы з 1 студзеня 2013 года будуць праводзіць загсы. У прыватнасці, гэта тычыцца тых выпадкаў, калі ў бакоў няма спрэчкі аб маёмасці і калі ў іх няма непаўнагадовых дзяцей.
Па словах міністра, адпаведнае рашэнне на сённяшні дзень ужо прынятае на заканадаўчым узроўні, створаная нарматыўна-прававая база, і з 1 студзеня 2013 года яно ўступіць у сілу.