4000 барысаўчан падпісаліся супраць пераносу аўтарынка
- 20.06.2012, 15:08
Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку, у барацьбе за права працаваць на старым месцы падтрымліваюць пакупнікі.
Па рашэнні мясцовай улады барысаўскі аўтарынак у кастрычніку будзе перанесены з вуліцы Працы на ўскраіну, паведамляе ex-press.by.
Каля чатырох тысяч подпісаў пад зваротам у Барысаўскі райвыканкам з патрабаваннем не пераносіць аўтарынак ўжо паставілі пакупнікі.
«Людзі самі падыходзяць і пытаюць, дзе можна распісацца, каб рынак не пераносілі на ўскраіну горада. Нам таксама вельмі нявыгадны перанос. Па самых сціплых падліках, гэта абыдзецца ў 20 мільёнаў рублёў. Мы пару год таму куплялі павільёны - гэта па дзесяць, па пяць тысяч даляраў. І цяпер не ўсе могуць іх перанесці на новае месца. Павільёны ў нас стацыянарныя амаль усе. Нам кажуць, што аўтарынак стварае праблемы з паркоўкай, нібыта і мясцовым жыхарам таксама ствараем нязручнасці. Але любы гандлёвы цэнтр або рынак - гэта заўсёды праблемы. Мы не хочам пераязджаць. Гэта не выгадна нам, гэта не выгадна пакупнікам», - распавёў адзін з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку.
Пакуль пытанне аб пераносе барысаўскага аўтарынка застаецца адкрытым. «Мы будзем змагацца за свае працоўныя месцы, - кажуць індывідуальныя прадпрымальнікі. - Тым больш, што адчуваем падтрымку пакупнікоў».