КДБ цісне на прыхільнікаў змены Выбарчага кодэкса
- 20.06.2012, 16:59
На сяброў ініцыятыўнай групы па змене выбарчага заканадаўства аказваецца ціск з боку супрацоўнікаў КДБ і ідэалагічных работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Пра гэта паведаміў БелаПАН ініцыятар унясення паправак ў выбарчае заканадаўства, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Зміцер Ус.
Паводле яго, асабліва моцны ціск адчуваюць тыя, хто працуе ў дзяржаўным сектары. Пад пагрозай страты працы іх прымушаюць адмовіцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе.
21 чэрвеня Ус мае намер выступіць з заявай да Еўразвяза, у якой плануе распавесці пра ціск на сябраў ініцыятыўнай групы па ўнясенні змяненняў у выбарчае заканадаўства.
Як паведаміў сёння БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы будуць разгледжаныя ў пачатку ліпеня. Ён адзначыў, што пакуль юрыдычны аддзел Цэнтральнай камісіі не вынес заключэнне аб законнасці правядзення сходу ініцыятыўнай групы.
Акрамя таго, у Цэнтрвыбаркам яшчэ не паступіла заключэнне Мінюста па тэксце праекта закона. Падчас online-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА 20 чэрвеня міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі заявіў, што міністэрства падрыхтуе і накіруе ў ЦВК заключэнне па законапраекце на працягу тыдня.
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па змене выбарчага заканадаўства паступілі ў Цэнтрвыбаркам 28 мая. Згоду на працу ў ёй далі 323 чалавекі.
Група мае намер унесці ў выбарчае заканадаўства наступныя папраўкі: даць кандыдатам у прэзідэнты і дэпутатам права на ўключэнне іхняга прадстаўніка ва ўчастковыя выбарчыя камісіі; абавязаць выбарчыя камісіі пры падліку галасоў выстаўляць на агляд назіральнікаў кожны бюлетэнь; даць права кожнаму сябру ўчастковых камісій ставіць свае подпісы на выбарчых бюлетэнях .
Неабходнасць змены выбарчага заканадаўства была адной з галоўных ідэй перадвыбарнай праграмы Уса на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.