На развітальным вечары амбасадары ЕЗ узгадалі беларускіх палітвязняў
- 21.06.2012, 11:39
Учора ў Менскім адукацыйным цэнтры IBB адбыўся развітальны прыём, які давалі кіраўнікі дыпламатычных місій Германіі, Вялікабрытаніі і Венгрыі, якія з'язджаюць з Беларусі.
Падчас свайго выступу амбасадар Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра прывітаў усіх гасцей і адзначыў, што асабліва хацеў бы павітаць жонак і маці беларускіх палітвязняў.
Амбасадарка Вялікабрытаніі Розмары Томас сказала, што будзе з цеплынёй успамінаць тры гады, праведзеныя ў нашай краіне. Дыпламатка падкрэсліла, што за гэты час у яе з'явілася шмат сяброў, і яна шкадуе, што не ўсе яе сябры змаглі сёння прыйсці на прыём і асабліва, што няма Зміцера Дашкевіча і Паўла Севярынца, якія сёння знаходзяцца ў зняволенні.
Розмары Томас адзначыла, што заўсёды здзіўляецца, калі чуе развагі пра тое, ці з'яўляюцца беларусы еўрапейцамі. Яна лічыць, што і беларусы, і брытанцы - гэта народы агульнага вялікага еўрапейскага дома, і яна ўпэўненая, што праз некаторы час Беларусь афіцыйна стане такой жа часткай Еўропы як і астатнія еўрапейскія краіны.
Амбасадар Германіі Крыстаф Вайль адзначыў, што з сумам растаецца з Беларуссю. Сёння, паводле яго, беларусам даводзіцца часта дэманстраваць мужнасць, але ён упэўнены, што сітуацыя ў нашай краіне зменіцца да лепшага. Вайль узгадаў тых, хто не змог прыйсці на развітальны вечар дыпламатаў.
На сцэне разам з еўрапейскімі дыпламатамі стаяў амбасдар Расеі Аляксандр Сурыкаў, які з'яўляецца дуаенам дыпламатычнага корпуса ў Рэспубліцы Беларусь. Сурыкаў адзначыў, што заўсёды сумна, калі з'язджае амбасадар, але тут адначасова з'язджаюць адразу троеных яго калег, якіх ён вельмі добра ведаў і працаваў з імі.
Амбасадар Расеі ўручыў дыпламатам карціны з відамі Менска.
Ад беларускага боку на прыёме выступіў экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Паэт падзякаваў усім дыпламатам і сказаў, што шкада развітвацца з сябрамі, якія перажылі з беларусамі вельмі складаны час, але ён спадзяецца, што калі-небудзь Розмары Томас, Крыстаф Вайль і Ферэнц Контра змогуць прыехаць у зусім іншую Беларусь.
У бліжэйшы час у краіну прыедуць новыя кіраўнікі дыпламатычных місій Вялікабрытаніі, Германіі і Венгрыі.