Беларусь шукае альтэрнатыву «Газпраму»
- 22.06.2012, 12:53
Беларусь праяўляе цікавасць да набыцця прыроднага газу ў альтэрнатыўных «Газпраму» пастаўшчыкоў.
«Сёння мы ўвесь газ набываем у «Газпрама». Кошт вельмі добры - $165 за 1 тыс. куб. м, і ў наступным годзе будзе добры, можа, нават і ніжэйшы. Але, ізноў-такі, гэта газ «Газпрама», - заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, перадае БелТА.
«Але ў Расеі ёсць незалежныя прыватныя карпарацыі. Напрыклад, «НОВАТЭК», «Ітэра». З увядзеннем дзеяння гэтага пагаднення, мы будзем мець магчымасць купляць газ у гэтых незалежных расейскіх вытворцаў», - сказаў ён.
У.Сямашка нагадаў: Беларусь, Расея і Казахстан дамовіліся аб тым, што пасля выканання падрыхтоўчых мерапрыемстваў, якія павінныя завершыцца не пазней за 2015 год, будзе забяспечаны выхад на роўнадапрыбытковыя рынкавыя кошты на газ на тэрыторыі краін АЭП, пасля чаго бакі забяспечаць, пры наяўнасці вольных магутнасцяў, доступ гаспадарчых суб'ектаў да газатранспартнай сістэмы, размешчанай на тэрыторыі краін АЭП.
«Я думаю, гэтае пагадненне будзе ўведзенае ў дзеянне», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Сямашка таксама заявіў, што жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі будуць даражэць.
«Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі будуць павышаць з улікам росту рэальных грашовых прыбыткаў насельніцтва», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.