На магілу Васіля Быкава нясуць кветкі (Фота, відэа)
- 22.06.2012, 17:05
22 чэрвеня споўнілася 9 год з дня смерці народнага пісьменніка.
У 12 гадзін дня да магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках прыйшла ўдава Ірына Міхайлаўна з пісьменнікамі Анатолем Вярцінскім, Алесем Пашкевічам і Барысам Пятровічам.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода» сказаў:
«9 доўгіх гадоў няма побач з намі Васіля Уладзіміравіча. Не верыцца, што столькі часу прайшло. Часу чакання пераменаў, зменаў.
Але ўсё ж я думаю, што самае лепшае і аптымістычнае чакае нас наперадзе. Як казаў Быкаў: я песіміст, але пераканаеце мяне, і я буду аптымістам. І тое, дзеля чаго жыў, за што змагаўся Васіль Уладзіміравіч, абавязкова і нязменна прыйдзе.
Васіль Уладзіміравіч гэтыя 9 гадоў усё роўна з намі, ён нагадвае пра сябе сваімі творамі. За гэты час выйшла некалькі аповесцяў, якія пры жыцці Быкава не друкаваліся. Больш за тое, у гэтым годзе выйшла кніга з аповесцю «Атака», якая была знойдзеная ў гарадзенскім архіве Васіля Уладзіміравіча. Апавяданні друкаваліся ў «Дзеяслове» і «Літаратурнай Беларусі».
Магчыма, варта згадаць пра гэта як раз сёння, 22 чэрвеня, таму што так як паказаў вайну Быкаў, не паказаў ні адзін пісьменнік ні ў Беларусі, ні ў былым СССР, у Германіі, з абодвух бакоў той вайны. Асабліва ў гэтай аповесці ён паказаў ўсе цяжкасці, недарэчнасці вайны. Сапраўды гэта яшчэ адзін заклік, каб людзі задумаліся, навошта войны. Што яны не патрэбныя, бо нясуць людзям толькі беды і гора. У гэты дзень хацелася б зноў успомніць пра Васіля Уладзіміравіча і пра тых чорных днях, якія прынесла гэтая дата - 22 чэрвеня».