Новы сябар
- 25.06.2012, 10:48
Дыктатар працягвае наладжваць кантакты з праблемнымі краінамі.
Беларусь учора афіцыйна адкрыла амбасаду ў Нігерыі. Падчас адкрыцця дыпламатычнага прадстаўніцтва амбасадар Вячаслаў Бяскосты сказаў аб неабходнасці ўмацавання супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі на міжнароднай арэне, піша мясцовае выданне The Daily Times (пераклад - charter97.org).
«Мы падтрымліваем кандыдатуры адзін аднаго ў розныя камітэты ААН і іншых органаў», - сказаў ён.
Амбасадар дадаў, што аб'ём гандлю паміж дзвюма краінамі склаў 97300000 даляраў у 2011 годзе. З Нігерыі ў Беларусь пастаўляюцца каўчук, какава і скура, а з нашай краіны экспартаваліся ўгнаенні і нафтапрадукты.
Амбасадар дадаў, што каля 500 нігерыйскіх студэнтаў навучаліся ў ВНУ Рэспублікі Беларусь.
Пры тым, што Нігерыя - адна з найбагацейшых у плане сыравінных рэсурсаў краіна, толькі адзін адсотак яе насельніцтва рэальна карыстаецца прыбыткамі ад экспарту. Пераважная большасць грамадзянаў жыве ў галечы (прыбыткі 70 адсоткаў нігерыйцаў складаюць менш за адзін даляр на дзень, яшчэ 22 адсоткі маюць ад аднаго да двух даляраў на дзень).
У краіне масава парушаюцца правы чалавека. Праваабаронцы кажуць пра пазасудовыя забойствы і выкарыстанне празмернай сілы сіламі бяспекі, злоўжыванні сіламі бяспекі, адвольныя арышты, гвалт і катаванні.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, нігерыйскі ўрад у гэтым годзе паслаў на навучанне ў Беларусь і Паўднёвую Афрыку 146 былых баевікоў з дэльты Нігера.
Паводле інфармацыі афрыканскага інфармацыйнага партала allAfrica, былыя нігерыйскія баевікі правядуць 5 гадоў у Беларусі, вывучаючы такія спецыяльнасці, як інфарматыка, нафтахімія і радыёэлектроніка.
Партал піша, што ў Беларусі нігерыйцы будуць вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, але не выключана, што на самой справе маецца на ўвазе Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.