Заўтра прыедзе Нарышкін
- 25.06.2012, 16:28
Спікер Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін наведае ў аўторак з афіцыйным візітам Беларусь, дзе правядзе перамовы па пытаннях еўразійскай інтэграцыі.
Візіт адбудзецца па запрашэнні старшыні «палаты прадстаўнікоў» Уладзіміра Андрэйчанкі, перадае РІА Новости.
«Асноўная ўвага ў ходзе візіту будзе нададзеная развіццю міжпарламенцкіх сувязяў паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь у кантэксце працэсаў еўразійскай эканамічнай інтэграцыі», - гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным прэс-службай спікера напярэдадні візіту.
У ходзе наведвання Беларусі запланаваныя двухбаковыя сустрэчы з прэм'ер-міністрам рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, а таксама са старшынямі палат «нацыянальнага сходу» Анатолем Рубінавым і Уладзімірам Андрэйчанкам.
Таксама падчас візіту чакаецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзярждумай РФ і «палатай прадстаўнікоў» Беларусі.
Акрамя таго, Нарышкін прыме ўдзел у 42-й сесіі парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расеі, а таксама выступіць перад студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.