BE RU EN

Майра Мора: Без каментароў

  • 27.06.2012, 11:00

Амбасадар ЕЗ у Беларусі не каментуе перспектывы новага крэдыту МВФ для Менска «на дадзеным этапе».

«На дадзеным этапе я не магу на гэтае пытанне адказаць», - заявіла Майра Мора ў сераду ў Менску агенцтву «Інтэрфакс-Захад», у адказ на просьбу пракаментаваць пазіцыю краін ЕЗ у выпадку звароту Менска за новым крэдытам МВФ.

Як перадае карэспандэнт агенцтва, М.Мора ў сераду прымала ўдзел у адкрыцці міжнароднага форуму «Развіццё супрацоўніцтва навукоўцаў Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага звяза па актуальных напрамках энергетычнай навукі».

Амбасадарка ЕЗ у Беларусі прыняла ўдзел у падобным публічным мерапрыемстве ўпершыню пасля скандальнага ад'езду амбасадараў краін Еўразвяза з Менска ў канцы лютага гэтага года.

Як паведамлялася, у канцы лютага Менск, у адказ на пашырэнне візавых санкцый з боку ЕЗ, заявіў аб адклiканнi свайго амбасадара з Польшчы і сталага прадстаўніка пры Еўразвязе. Акрамя таго, беларускі МЗС прапанаваў польскаму амбасадару і прадстаўніку Еўразвяза выехаць у свае краіны для кансультацый. Адказваючы на дзеянні беларускіх уладаў, краіны-сябры ЕЗ адклікалі з Менска сваіх амбасадараў для кансультацый. У Беларусь кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў еўрапейскіх дзяржаў вярнуліся ў канцы красавіка гэтага года.

Каментуючы свой удзел у дадзеным форуме, М.Мора не змагла ацаніць, ці з'яўляецца сам факт прысутнасці на мерапрыемстве прыкметай стабілізацыі адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Адмовіўшыся ад ацэнак бягучага стану ўзаемаадносінаў Менска і ЕЗ, яна адзначыла, што «па-мойму, гэта не першае маё публічнае выступленне (у Менску пасля дыпскандала - ІФ)».

Выступаючы на адкрыцці форуму, М.Мора падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва Беларусі з Еўразвязам у сферы павышэння энергаэфектыўнасці і заклікала беларускіх навукоўцаў больш актыўна ўдзельнічаць у профільных еўрапейскіх праграмах. «Спектр энергетыкі - гэта вельмі важнае поле супрацоўніцтва Беларусі і Еўразвяза», - сказала амбасадарка ЕЗ. Яна нагадала, што гэты дыялог развіваецца як у межах рэгіянальнага супрацоўніцтва, так і ў межах двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, паводле яе, Еўразвяз раней вылучыў 5 млн еўра на праграму павышэння энергаэфектыўнасці ў Беларусі. Пры гэтым М.Мора падкрэсліла, што «Беларусь больш прагрэсіўная ў сферы энергаэфектыўнасці, чым многія ўсходнееўрапейскія краіны - яна абвясціла аднаўляльныя крыніцы энергіі прыярытэтам».

М.Мора таксама выказалася за пашырэнне магчымасцяў удзелу беларускіх навукоўцаў у даследаваннях у сферы энергаэфектыўнасці, уключна з Сёмай Рамачнай Праграмай ЕЗ (РП 7). Паводле яе, у цяперашні час удзел Беларусі ў гэтай праграме з'яўляецца мінімальным.

Апошнія навіны