Дактары: У менскіх паліклініках можна заразіцца гепатытам і ВІЧ
- 27.06.2012, 16:30
Пасля наведвання стаматолага або гінеколага лекары раяць у той жа дзень здаць аналізы на вірусныя гепатыты B і C, ВІЧ-інфекцыю.
«Любое ўмяшанне ў арганізм, якое суправаджаецца пашкоджаннем слізістых абалонак, скуры, мяккіх тканін, звязанае з рызыкай інфікавання», - заўважыў урач-эпідэміёлаг Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай лякарні Менска Павел Сідаровіч, паведамляе газета «Минский курьер».
«Хто ведае, заразілі вас ці не на прыёме ў стаматолага, гінеколага? На жаль, не ва ўсіх медыцынскіх арганізацыях старанна выконваюць санэпідрэжым. Таму рэкамендую у дзень наведвання гэтых спецыялістаў адразу ж праверыцца на гепатыты B, C, ВІЧ-інфекцыю - здаць аналіз крыві з вены», - параіў Сідаровіч.
Доктар адзначыў, што такая засцярога ў будучыні можа спатрэбіцца: калі вас інфікавалі ў паліклініцы ці прыватным медыцынскім цэнтры (кабінеце), вынікі аналізаў стануць афіцыйным дакументальным пацвярджэннем. Інакш потым нічога і нікому не дакажаш.
«Калі па выніку аналізу крыві тытры антыцелаў пакажуць, што чалавек інфікаваны, своечасова аказаная медыцынская дапамога дапаможа знізіць рызыку з'яўлення цяжкіх форм захворвання, а таксама паменшыць верагоднасць заражэння блізкіх, - удакладніў Сідаровіч. - Пры адмоўным выніку (пацыент здаровы) кантрольныя аналізы на гепатыты здаюць на працягу года кожныя тры месяцы».