Да 3 гадоў турмы за распаўсюд беларускіх кніг
- 27.06.2012, 17:56
Сёння аднавіўся разгляд крымінальнай справы супраць Аляксандра Яўдахі, заснавальніка інтэрнэт-сэрвісу «Кнігі поштай».
За распаўсюд беларускамоўнай літаратуры пракуратура абвінаваціла яго ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Яўдаха азнаёміўся з вынікамі графалагічнай і эканамічнай экспертызы дакументаў яго ініцыятывы. Высветлілася, што ў матэрыялах, якія яму прыпісваюць, заўважаны чужы почырк.
«Матэрыялы справы досыць спрэчныя і супярэчлівыя, пакуль складана судзіць аб яе выніках, - паведаміў Яўдаха «Белсату». - Ніхто з абвінаваўцаў не хоча браць грэх на душу і быць крайнім у сваіх патрабаваннях». Распаўсюднік мяркуе, што «без агню» справа не абыдзецца, «бо ў нашай дзяржаве беларускасць не ў пашане».
Наступнае судовае паседжанне адбудзецца 30 чэрвеня.
Яўдаха не прызнае сябе вінаватым. Ён не губляе аптымізму і разлічвае на справядлівы вынік.
Дзеля падтрымання беларускага руху ён купляў у менскіх кніжных крамах беларускія кнігі і высылаў іх у правінцыю, дзе магчымасці кніжнага гандлю абмежаваныя. Яўдаха падкрэслівае, што не атрымліваў ад гэтага ніякай эканамічнай выгады, а дзейнічаў толькі ў асветніцкіх мэтах.
Слуханне справы Алеся Яўдахі пачалося ў мінулым годзе і было спыненае ў лістападзе ў сувязі з правядзеннем экспертызы матэрыялаў справы. Алесю Яўдаху за працу на ніве беларушчыны згодна з выстаўленым абвінавачваннем пагражае да трох гадоў турмы.