У Расеі знайшлі нелегальны тытунь з Беларусі
- 28.06.2012, 13:28
Мінфін Расеі занепакоены з'яўленнем на расейскім рынку нелегальнай тытунёвай прадукцыі з Беларусі і Казахстана.
Аб гэтым заявіў статс-сакратар, намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў на канферэнцыі Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу 28 чэрвеня ў Маскве.
«У Расеі яны значна вышэйшыя: па тытуню прыкладна ў два разы вышэй, чым у Казахстане і Беларусі, а па некаторых відах прадукцыі гэтая розніца істотная. Напрыклад, па цыгарэтах без фільтра гэтая розніца ў шэсць-сем разоў», - цытуе Шаталава РІА «Новости».
«Гэта прыводзіць да таго, што на нашым рынку з'яўляюцца з чужымі маркамі цыгарэты. Асабліва гэта бачна на Паўночным Каўказе, дзе шмат цыгарэт з Казахстана і Беларусі», - сказаў Шаталаў.
Ён паведаміў, што ў цяперашні час прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў трох краін вядуць перамовы аб гарманізацыі акцызаў на тытунь і алкаголь. «Учора і сёння мы працягваем перамовы з нашымі калегамі ў Менску, і мы спадзяемся ў бліжэйшы час выпрацаваць дарожную мапу. Мы будзем гарманізаваць стаўкі», - падкрэсліў намеснік міністра.