BE RU EN

Навошта самалёт Лукашэнкі затрымаўся ў Венесуэле?

  • 28.06.2012, 17:14

Boeing 767 300ER прызямліўся ў сталіцы Эквадора, але ні пра якія паломкі самалёта ў мясцовым аэрапорце не ведаюць.

Журналісты «Еўрарадыё» змаглі датэлефанавацца ў Кіту і высветліць, што суперсамалёт беларускага кіраўніка ўжо прызямліўся ў сталіцы Эквадора.

«Цяпер сёмая гадзіна раніцы, і самалёт знаходзіцца ў нашым аэрапорце. Паспяхова тут прызямліўся. Звестак пра нейкія праблемы ў нас няма. Больш ніякай інфармацыі паведаміць не можам», паведаміў афіцыйны прадстаўнік аэрапорта.

Як ужо паведамляў charter97.org, учора Аляксандр Лукашэнка са світай прыляцеў у сталіцу Эквадора на старэнькім Boeing 737. Самалёт належыць Венесуэле і Уга Чавес не карыстаецца ім з 2002 года.

Беларускія тэлеканалы старанна выразалі з афіцыйнай хронікі момант выхаду Лукашэнка з самалёта, аднак у рэпартажах міжнародных фотаагенстваў і тэлебачання Эквадора бачна, што беларускі кіраўнік выходзіць з венесуэльскага лайнера.

У Інтэрнэце выказваліся розныя версіі і прычыны таго, чаму шыкоўны Boeing 767 300ER застаўся ў Каракасе. Маўляў, паласа аэрапорта ў Кіта не дазваляе прымаць такія вялікія самалёты, самалёт мог зламацца, і зусім смяхотная - беларускі кіраўнік «як руплівы гаспадар» хацеў зэканоміць дзяржаўныя грошы і скарыстаўся больш танным варыянтам.

Аднак самай папулярнай з'яўляецца версія пра тое, што борт № 1 затрымаўся ў Венесуэле дзеля загрузкі або дзеля разгрузкі нечага, што не хацелася б дастаўляць іншымі шляхамі. Версія пра разгрузку падаецца больш верагоднай, бо самалёт ўсё ж прыляцеў у Эквадор.

Гэта не першы дзіўны палёт борта № 1. Дастаткова ўзгадаць, як Аляксандр Лукашэнка, які панічна баіцца замахаў і любых пагроз свайму жыццю, бясстрашна вылятаў ў Бялград перад пачаткам бамбавання. Былі аналагічныя беспасадкавыя пералёты ў Лівію і Сірыю, а таксама сумніўныя візіты лідараў Венесуэлы, Судана і Ірака, якія таксама прыляталі ў Беларусь, абыходзячы міжнародны кантроль.

Апошнія навіны