Гродна: суды з адтэрміноўкай
- 4.06.2012, 16:56
У пятніцу ў Гродне за ўдзел у пікеце ў абарону польскай школы, які правялі побач з аблвыканкамам, быў затрыманы 21 чалавек.
І толькі аднаго з іх, актывіста Саюза палякаў Беларусі Ігара Банцара, асудзілі на 13 сутак. Пры затрыманні яго моцна збілі міліцыянты. Астатнія затрыманыя чакалі судоў 4 чэрвеня, але суды не адбыліся.
Суда чакалі яшчэ дзевяць удзельнікаў пікету, бо міліцыянты склалі на іх пратаколы і паабяцалі, што ў панядзелак да кожнага з іх патэлефауюць. Некаторыя з затрыманых самі прыходзілі ў суд, але там адказвалі, што пратаколаў яшчэ няма. У аддзяленні таксама сказалі чакаць, але пэўнага часу не назвалі.
Журналістка Гражына Шалкевіч, якая сёння чакала суда, распавяла «Радыё Свабода», што сярод затрыманых былі і выпадковыя людзі: адзін хлопец, які прыехаў на фестываль нацыянальных культур, выпадкова падышоў пацікавіцца, што тут робіцца, і яго забралі. Яшчэ адзін жыхар Гродна паспрабаваў заступіцца за жанчын, якіх цягнулі за рукі людзі ў цывільным.
«Там былі бабулі, якім па 70-80 гадоў, а іх папросту цягнулі ў аўтобус, а потым старэйшых пачалі выштурхваць назад. Людзей білі, у людзей была парваная вопратка і зламаныя парасоны», - кажа Шалкевіч.
Сябар Рады непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анджэй Пачобут, якога, дарэчы, у той дзень выклікалі ў аддзяленне міліцыі і пратрымалі там тры гадзіны, заўважыў пасля акцыі, што сябраў СПБ так жорстка, як гэты раз, разганялі ўпершыню.
«Нечакана была такая жорсткая рэакцыя ўладаў. Людзей збівалі, моцна дасталося Ігару Банцару. Раней мы не сутыкаліся з тым, каб сябраў СПБ так жорстка разганяла міліцыя», - кажа журналіст.
Кіраўніца непрызнанага ўладамі СПБ Анжаліка Арэхва лічыць, што рэакцыя ўладаў была такая жорсткая з прычыны таго, што ў горадзе праходзіў фестываль нацыянальных культур і ўладам вельмі хацелася, каб ніхто не бачыў тых праблем, з якімі ў Беларусі сутыкаюцца нацыянальныя меншасці.
І суды, па словах Арэхва, сёння не адбыліся па цалкам канкрэтным прычынах.
«Не судзілі, таму што не хочуць, каб пра гэта казалі, каб нічога не даходзіла да грамадскай думкі. Тым больш, што сярод арыштаваных былі і людзі сталага ўзросту, іх таксама павінныя былі судзіць. Яны баяцца скандалу і хочуць, каб гэта адбылося ціха», - лічыць кіраўнік СПБ.
Сябры непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў звярталіся ў Гродзенскі гарвыканкам з заяўкамі на правядзенне 4 пікетаў супраць ўвядзення ў школе з польскай мовай навучання, пабудаванай, дарэчы, на грошы польскага ўрада, расейскамоўных класаў. У правядзенні пікетаў ім адмовілі. А з'яўленне расейскамоўных класаў у польскай школе ўлады тлумачаць тым, што суседнія школы перапоўненыя.