Менчукі абураныя планамі па зносе 800 гаражоў ля МКАД (Фота, відэа)
- 5.06.2012, 9:51
Гэты скандал разгараецца з-за гаражоў, якія ўжо 10 гадоў стаяць каля Менскай кальцавой аўтадарогі.
Гарвыканкам збіраецца знесці каля 800 боксаў, каб пракласці новую дарогу ў аэрапорт. Людзі з кааператыва «Ліпкі», размешчанага ў Партызанскім раёне, абураныя і просяць улады змяніць планы, піша Onliner.by.
На пляцоўцы каля кальцавой размешчана каля 800 гаражоў, якія будавалі больш за 10 гадоў.
- Усе гаражы пабудаваныя. Падвалы пабудаваныя. Электрыфікаваныя. Зробленая добрая пад'язная дарога, - здзіўляецца старшыня спажывецкага гаражнага кааператыва «Ліпкі» Пётр Сайчук. - А пра планаваны знос нас нават не папярэдзілі.
Па словах грамадзянаў, яны ўклалі ў кожны гараж па 11 тысяч даляраў. Праекціроўшчыкі, магчыма, ператвораць іх у пыл. Раз'юшаныя аўтаўладальнікі і самі ўваходзяць у ролю архітэктараў: прыводзяць прыклады, у якіх дзеля развязкі нічога зносіць не трэба.
- У двух кіламетрах адсюль развязка вуліцы Байкальскай з кальцавой дарогай, дзе выдатны двухпалосны рух у кожны з бакоў, і прытым не загружаны. Навошта будаваць нешта яшчэ?
Чыноўнікаў гэтым не ўзяць нічым. Мікалай Кацэвіч, начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Партызанскага раёна, сітуацыю каментуе так:
- Кожны кулік сваё балота абараняе. Калі мы кожнага будзем пытацца, нічога не атрымаецца.
У выпадку зносу, кажуць у раённай адміністрацыі, людзям выплацяць кампенсацыю. Ці будзе яна адэкватнай укладзеным грамадзянамі сродкам ці не, сказаць складана.