BISS патрабуе спыніць пераслед за навуковую дзейнасць
- 5.06.2012, 10:45
Рада Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў зрабіла заяву ў сувязі з арыштам Аляксея Пікуліка.
Рада выказвае рашучы пратэст супраць затрымання і арышту на 5 сутак акадэмічнага дырэктара BISS, доктара палітычных навук Аляксея Пікуліка.
Рада падкрэслівае, што гэта не першы выпадак ціску на акадэмічнага дырэктара BISS. Кампанія па пераследзе пачалася з канфіскацыі кампутара на літоўска-беларускай мяжы 19 студзеня 2011 года. 6 красавіка 2012 года супрацоўнікі РАУС Цэнтральнага раёна адабралі ў Аляксея Пікуліка пашпарт, пратрымаўшы яго ў пастарунку 8 гадзін, паведамляе прэс-служба BISS.
Рада выказвае здзіўленне з нагоды таго, чаму навуковая і аналітычная дзейнасць у нашай краіне стала аб'ектам палітычнага пераследу.
Рада BISS заклікае беларускіх незалежных аналітыкаў і надалей працягваць сваю дзейнасць па правядзенні непрадузятых даследаванняў Беларусі і захоўваць высокія стандарты прафесіяналізму, нягледзячы на запалохванні.