BE RU EN

Пакаёўка адной з менскіх гасцініц знайшла пад падушкай $20 тысяч

  • 5.06.2012, 11:55

Такога ў гасцініцы не здаралася ніколі.

Звычайны дзень, цалкам сабе звычайны пастаялец, перадае АНТ. Праўда, моцна спяшаўся, успамінае персанал. Пасля яго сыходу пакаёўка пачала прыбірацца, вытрасала пасцельную бялізну.

«Вось у гэты момант, калі я ўзялася за прасціну, выпала нешта кшталту поясу. Я яго падымаю - цяжкі. Вузкі, даўгі. Я гляджу: нешта там зашыта», - распавяла пакаёўка Ларыса Дамасевіч.

Прыхаванымі апынуліся 20 тысяч даляраў. Патэлефанавалі адміністратару - і гора-пастаяльца хутка адшукалі. Акрамя «вялікага дзякуй», Ларысе Рыгораўне мужчына пакінуў 100 расейскіх рублёў. У пераліку гэта - тры даляры.

«Хіба ў гэтым справа? Гэта мая праца. Любы чалавек на маім месцы так зрабіў бы. А што тычыцца падзякі: а можа, гэта не ягоныя грошы?», - сказала пакаёўка.

Пра чалавека, які прабыў у гэтай гасцініцы крыху больш за суткі і прымудрыўся ледзь не страціць прыстойную суму грошай, практычна нічога не вядома. Толькі месца жыхарства - а ён з Расеі - і мабільны тэлефон.

Апошнія навіны