BE RU EN

Пачалося «паляванне на ведзьм»?

  • 5.06.2012, 12:58

У Оршы па падазрэнні ў тэрарызме затрымалі актывістку грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Тацяну Якаўлеву.

Супрацоўнікі аршанскай міліцыі затрымалі Якаўлеву на аўтавакзале, куды яна прыбыла з Віцебска. Актывістку адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі. Міліцыянты заявілі, што яна перавозіць тратыл.

Якаўлева накіроўвалася ў пасёлак Коханава Талачынскага раёна (каля 30 км ад Оршы), дзе сёння павіннае прайсці мерапрыемства, арганізаванае актывістамі кампаніі - дзіцячыя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і невялікі паход уздоўж мясцовай рэчкі Сакалянкі.

Тацяна Якаўлева везла флікеры і футболкі з лагатыпам кампаніі «Наш Дом», якія актывісты павінныя былі ўручыць удзельнікам.

Пазней стала вядома, што міліцыянты правялі асабісты дагляд актывісткі. Не выявіўшы трацілу, яны заявілі, што Тацяна Якаўлева перавозіць занадта буйную партыю тавару (29 футболак) без адпаведных дакументаў. На гэта актывістка сказала, што футболкі яна вязе ў падарунак і ў гэтым няма нічога незаконнага. Пратрымаўшы актывістку ў аддзяленні тры гадзіны, яе адпусцілі.

Як адзначае сайт кампаніі, сталі вядомыя імёны міліцыянтаў: на аўтавакзале Тацяну Якаўлеву затрымліваў старэйшы сяржант Валянцін Хромаў. У гарадскім аддзеле міліцыі апытваў маёр Уладзімір Волкаў.

Выніковы рапарт падпісалі зусім іншыя міліцыянты - малодшыя сяржанты Аладзьеў і Леановіч. У рапарце не было ні слова пра падазрэнні ў тэрарызме.

Апошнія навіны