BE RU EN

Жывадзёраў змогуць саджаць у турму

  • 5.06.2012, 15:55

Артыкул «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» прапануецца прадугледзець у Крымінальным кодэксе.

Як паведаміў БелаПАН грамадскі актывіст Віталь Супрановіч, у законапраекце «Аб абыходжанні з жывёламі» прадугледжанае ўзмацненне адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі.

Пра гэта сведчыць адказ старшыні камісіі «палаты прадстаўнікоў» па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання Сяргея Канопліча на адпаведны запыт грамадскасці.

Нагадаем, на сёння адзіна магчымае пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі - штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, што прадугледжана артыкулам 15.45 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Паводле Канопліча, апошнім варыянтам законапраекта прапануецца ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальны кодэкс. Артыкулам 15.45 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое не пацягнула за сабой яе гібель, прапануецца прадугледзець штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь; за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула за сабой яе гібель, калі ў гэтым дзеянні няма складу злачынства - штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Артыкул «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» прапануецца прадугледзець таксама ў Крымінальным кодэксе. Жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое пацягнула за сабой іх гібель, здзейсненае з хуліганскіх або карыслівых намераў альбо ў прысутнасці заведама малалетняга, прапануецца караць грамадскімі працамі, або штрафам, або выпраўленчымі працамі на тэрмiн да аднаго года, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў. Тое ж дзеянне, здзейсненае паўторна або групай асоб, - арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да аднаго года, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Як падкрэсліў Канопліч, сталай камісіяй на ўсіх стадыях падрыхтоўкі законапраекта падтрымлівалася неабходнасць увядзення крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Супраць увядзення такой адказнасці «катэгарычна выступалі» Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, сказаў ён.

Пры распрацоўцы законапраекта ўлічваліся шматлікія прапановы і заўвагі зоаабарончых арганізацый і грамадскасці. Зараз ён накіраваны прэзідэнту Беларусі як канчаткова падрыхтаваны для разгляду ў другім чытанні. Калі будзе атрыманая згода Лукашэнкі, то законапраект разгледзіць «палата прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу».

Апошнія навіны